Ляховіч выйграў першае золата ЧБ па лёгкай атлетыцы ў залях



Спартовец з Гарадзенскай вобласці Аляксандр Ляховіч выйграў першае золата чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях. Турнір стартаваў у магілёўскім спорткомплексе „Алімпіец”.

Аляксандр першынстваваў у хадзе на 10 км, прайшоўшы 50 колаў па манежы за 40 хвілін 27,86 секунды. На аналагічнай дыстанцыі ў жанчын перамагла Анастасія Родзькіна з Магілёўскай вобласці – 47 хвілін 0,2 секунды. У бегу на 3000 м з перашкодамі ў мужчын золата чэмпіянату Беларусі заваяваў Вячаслаў Бедны з дружыны Магілёўскай вобласці. Сярод жанчын 3-кіламетровую дыстанцыю з перашкодамі першай пераадолела Таццяна Шабанава з Магілёўскай вобласці. Скакун у вышыню Максім Недасекаў выйграў золата з вынікам – 2 м 23 сантыметры. Гэта асабісты рэкорд атлета. У штурханні ядра ў жанчын пацвердзіла статус фаварыта Алёна Дубіцкая. Залаты вынік спартоўкі з дружыны Гарадзеншчыны – 18 м 40 см. У штурханні ядра ў мужчын наймацнейшым стаў Дзмітрый Карпук з Берасцейскай вобласці – 20 м 13 см. Пінчанка Эльвіра Герман стала пераможцай у бегу на 60 м з бар’ерамі. Прадстаўніца каманды Берасцейскай вобласці ў вырашальнай стадыі спаборніцтваў пабіла персанальны рэкорд, фінішаваўшы з вынікам 7,91 секунды.

Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях стане для яго ўдзельнікаў шанцам адабрацца ў каманду, якая выступіць на чэмпіянаце Еўропы ў польскім Торуні. Прызавы фонд чэмпіянату, заснаваны Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, складае 35 тысяч рублёў.

Швед Понсілуома выйграў спрынт на ЧС па біятлоне

Шведскі біятланіст Марцін Понсілуома выйграў спрынт на чэмпіянаце свету ў славенскай Паклюцы. Ён не дапусціў ніводнага промаху на двух агнявых рубяжах і на 11 секунд апярэдзіў француза Сымона Дэсцье. Яшчэ адзін француз Эмільен Жаклен стаў трэцім. Лепшым з беларусаў быў Максім Верабей, які дапусціў адзін промах на другім стрэльбішчы і завяршыў гонку 24-м.

Беларускія хакеісты прайгралі рэзервістам зборнай Казахстана

Зборная Беларусі па хакеі прайграла ў таварыскім матчы рэзерву каманды Казахстана з лікам 2:3 у авертайме. Беларускія хакеісты двойчы выходзілі наперад за кошт галоў Станіслава Лапачука і Мікіты Крыскіна, але кожны раз казахі адыгрываліся. А ў канцы авертайма змаглі здабыць перамогу. Раней на турніры ў Казахстане падначаленыя Міхаіла Захарава прайгралі гаспадарам 2:5 і рэзерву зборнай Расеі 2:4.

Вызначыліся медалісты II этапу Кубка Беларусі па кулявой стральбе

Вызначыліся медалісты II этапу Кубка Беларусі па кулявой стральбе, прысвечанага памяці заслужанага майстра спорту СССР і БССР Ігара Бакалава. У парнай стральбе з пнеўматычнага пісталета з 10 метраў перамаглі Аляксандра Пятрова і Уладзіслаў Дэмеш. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод мужчын золата заваяваў Віталь Бубновіч. У дадзеным відзе праграмы ў жанчын перамогу святкавала Аляксандра Дзмітрыева. У другі дзень спаборніцтваў у стральбе з пнеўматычнага пісталета ў мужчын перамог Уладзіслаў Дэмеш, а сярод жанчын не было роўных Вікторыі Чайцы. У парнай стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі золата выйгралі Уладзіслава Пранько і Віталь Бубновіч. У трэці дзень спаборніцтваў у стральбе з малакалібернай вінтоўкі ў жанчын вікторыю святкавала Уладзіслава Пранько. У стральбе з малакалібернага пісталета паспяховей за іншых выступіла Надзея Лявонавец. І, нарэшце, у заключны дзень спаборніцтваў у стральбе з малакалібернай зброі спаборнічалі мужчыны. У стральбе з вінтоўкі не было роўных Іллі Чаргейку, а з пісталета – Яўгену Матусевічу.

Яхшыбоеў пройдзе медабследаванне ў „Легіі”

Былы нападнік менскага „Энергетыка” -БДУ і салігорскага „Шахцёра” Джасурбек Яхшыбоеў пяройдзе ў варшаўскую „Легію”. Узбек прыляцеў у сталіцу Польшчы для праходжання медабследавання, паведамляе прэс-служба.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фото БФЛА