Лявон Анацка: Наш марафон працягваецца



Жыхар Ліды Лявон Анацка пачаў удзельнічаць у шматдзённых марафонах  ва ўзросце пяцідзесяці пяці гадоў.  За чатыры гады свайго ўдзелу ў разнастайных  міжнародных спаборніцтвах па марафоне, ён наладзіў добрыя кантакты са спартоўцамі з розных краін.

На фота: Лявон Анацка (справа)

Цяпер жа, дзякуючы лідскім уладам і ўласным высілкам Лявон Анацка праводзіць шматэтапны, першы ультрамарафон у  Беларусі.

РР: Вы былі ініцыятарам таго, каб у кантакце з лідскімі ўладамі арганізаваць фактычна першы ў Беларусі шматдзённы марафон.  

Лявон Анацка: Сказаць па-праўдзе, гэты наш марафон яшчэ не скончыўся, бо мы правялі толькі два этапы па двое сутак. І перад Новым годам у нас будзе трэці этап – асноўны. У нас цікавая сітуацыя зараз, мы акрамя асабістых вынікаў, падводзім вынікі паміж клубамі і краінамі. І пасля двух этапаў  ідзе спаборніцтва паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй. На трэцім этапе будзе ўсё вырашацца. Без дапамогі ўладаў Гарадзенскай вобласці і лідскіх уладаў, гэтага не адбылося б. Таму чарговы раз хачу словы ўдзячнасці сказаць.

РР: Вы, як сябра ТБМ, імкнуліся беларусізаваць гэтае міжнароднае мерапрыемства.  

Лявон Анацка: Я шмат на якіх бываў мерапрыемствах, але не так часта бачыў, каб на медалях быў надпіс па-беларуску. Дзве мовы ў нас роўныя, як кажуць. Таму трэба і сваю мову падымаць, беларускую, да роўня расейскай.  

РР: Узнагароды на марафоне будуць па-беларуску?

Лявон Анацка: Нашыя ўзнагароды былі і будуць па-беларуску. І адкрыццё, і выступы ў нас былі на беларускай мове. На першым этапе нам і песні спявалі па-беларуску. Я спадзяюся, што на закрыцці мы таксама штосьці цікавае прыдумаем.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя