Лявон Анацка ўстанавіў рэкорд Беларусі



Ультрамарафонец з Ліды Лявон Анацка атрымаў кубак з Паўночна-Амерыканскіх штатаў. Увёсну Лявон удзельнічаў ва ўльтрамарафоне ў штаце Нью Джэрсі, дзе заняў другое месца ў абсалютным забегу. Гэта рэкорд для Беларусі. Паколькі кубак быў завялікі для багажу, то яго даставіў з гэнай краіны ягоны сябра, які прыехаў у Беларусь да бацькоў.

Вось што кажа Лявон Анацка пра свой удзел у тым спаборніцтве:

– Я вельмі люблю другое месца. Першае пакуль неяк не надта мне падабаецца. Маладыя рвуцца за першае месца. У сваёй катэгорыі, канешне, заняў першае месца, але малады мангол, які, мусіць, на дваццаць гадоў за мяне маладзейшы, абагнаў мяне. Я ўжо вырашыў, што моцна я з ім за першае месца змагацца не буду. Але 1078 кіламетраў я за дзесяць сутак прабег. Рэкорд Беларусі, бо пакуль ніхто не бегаў пакуль 10 сутак.

Забег у амерыканскім кантыненце праходзіў ад 22-га красавіка па 2-га траўня сёлета. Лявон Анацка чынны сябра гарадзенскай абласной Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Заўжды прапагандуе Беларусь падчас спаборніцтваў у краінах правядзення ўльтрамарафону.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя