Лёсаванне футбольнага чэмпіянату: першыя прагнозы
Лёсаванне фінальнай часткі чэмпіянату свету дазваляе зрабіць першасны аналіз і паспрабаваць спрагназаваць зыход змагання ў групах
Група „А”: Расея, Савудаўская Арабія, Егіпет, Уругвай
Бясспрэчна, найбольш слабейшы квартэт. Расея мае сама нізкі рэйтынг ФІФА сярод усіх 32-х удзельнікаў турніру. Пасеў у першым кошыку яна атрымала як гаспадыня мундыялю. Высокакласных гульцоў у гэтай дружыне папросту няма, а трэнерская фігура значна саступае настаўнікам расейцаў ранейшых гадоў (такіх як Гус Хідзінк, Фабіё Капэла ці Леанід Слуцкі). Аднак, у сваёй хаце і дзіркі грэюць. Расейцам застаецца спадзявацца на магутную падтрымку трыбун і ўдачу. Каляндар гульняў у іх якраз спрыяльны. Уругвай з такімі галеадорамі як Луіс Суарэс і Эдзінсан Кавані выглядае на відавочнага фаварыта, але на першае месца ў групе можа прэтэндаваць і Егіпет. Гульцы арабійцаў традыцыйна без легіянерскага досведу – гэта істотны мінус, але добра згуляныя (прадстаўляюць фактычна толькі тры клубы) – што ўжо значны плюс.
Група „В”: Партугалія, Іспанія, Марока, Іран
Гэта ж трэба, каб тытулаваныя суседзі-пірэнейцы патрапілі ў адну кампанію! Дзве еўрапейскія дружыны з каталіцкіх краін будуць супрацьстаяць дзвюм мусульманскім зборным. У шэрагах партугалаў адзін з галоўных футбольных харызматыкаў нашага часу. Аднак “чырвона-зялёныя” ўжо паспелі ў фінале чэмпіяната Еўропы ўсім давесці, што яны здольныя дамагацца вяршыні і без Крышціяну Раналду. І ўсё ж стаўкі больш класнай дружыны Іспаніі трэба ацэньваць вышэй. “Роха фурыя” праваліла бразільскі чэмпянат, другі раз запар такое з ёй не здарыцца. Іран здольны скласці канкурэнцыю Партугаліі і заваяваць другую пуцёўку ў плэй-оф.
Група „С”: Францыя, Аўстралія, Перу, Данія
Францыі адводзяць ролю бясспрэчнага фаварыта, але нават ёй пуцёўка ў плэй-оф далёка не гарантавана. Нязломны характар прадстаўнікоў “зялёнага кантынента” добра ведамы, Данія за апошнія паўгода пераўтварылася ў дастаткова грозную сілу, а перуанцы так даўно не выступалі на галоўных футбольных фэстах (ажно з 1982 году!), што будуць змагацца не толькі за гонар сваёй краіны, але і біцца за больш выгодныя кантракты ў еўрапейскіх клубах пасля чэмпіянату.
Група „D”: Аргенціна, Ісляндыя, Харватыя, Нігерыя
Бадай, яшчэ ніколі аргенцінцы не былі так моцна залежныя ад асобы свайго лідара. Ліанэль Месі фактычна ў адзіночку выбіў для “сярэбраных” квіток на расейскія прасторы. У гэтай камандзе ён і завадатар і завяршальнік. Але да лета яшчэ шмат можа памяняцца. Ісляндыя і Харватыя выйшлі на мундыяль з адной адборавай групы і ведаюць адна адну як аблупленых. У гэтай групе найцяжэй прагназаваць, хто пойдзе далей. Але адна еўрапейская каманда напэўна павінна гэта зрабіць. Займальна і нават фатальна, што Нігерыя ўжо пяты раз (!) трапляе ў фінальных частках чэмпіянату свету на Аргенціну.
Група „Е”: Бразілія, Швайцарыя, Коста-Рыка, Сербія
Парадаксальна, але пры шырокай ведамасці бразільскіх футбалістаў, гэта дастаткова загадкавая дружына. Нашчадкі Пеле і Зіка так лёгка прайшлі адборавы турнір, што ацаніць сілу сённяшніх пентакампеонаў досыць цяжка. Сербію выводзіў на мундыяль адзін трэнер, а зараз будзе кіраваць іншы, сумнеўна, што гэта на карысць балканцам, якія вельмі даўно не выступалі на топ-турнірах. Раней жа шляхі сербаў (югаславаў) з бразільцамі перасякаліся дастаткова часта. Швайцарыя ўжо дзесятак апошніх гадоў атрымлівае высокія авансы, аднак нашчадкі гельветаў не вылучаюцца стабільнасцю. Хоць чыста гіпатэтычна павінны прабіцца наверх услед за бразільцамі. Не будзем забывацца таксама пра тое, што на мінулым чэмпіянаце Коста-Рыка заняла сярод “монстраў” (Уругвай, Італія, Англія) першае месца (!), а потым дайшла ажно да чвэрцьфіналу.
Група „F”: Германія, Мексіка, Швецыя, Паўднёвая Карэя
“Бундэсманшафт” выглядае непераможнай машынай, поўнай рашучасці захаваць свой чэмпіёнскі тытул. Нямеччына фактычна можа выставіць два раўнацэнныя склады. Зараз у бундэстым прыйшла новая хваля таленавітай моладзі. Упэўнены, што некаторыя, здавалася б, незаменныя гульцы на бразільскім мундыялі, не трапяць зараз у склад, а іншыя ўчарашнія майстры, кшталту Томаса Мюллера і Місута Ёзіла апынуцца на лаўцы рэзервовых. Шведы трапілі зараз на хвалю ўдалага дванаццацігадовага цыклу (1958, 1970, 1982 год – мінус, 1994, 2006, 2018). Ёсць прадчуванне, што нехта з паўночных еўрапейскіх дружынаў – Швецыя, Данія ці Ісляндыя павінны “выстраліць” на гэтым чэмпіянаце. У квартэце “F” ніхто дакладна не будзе статыстам, пры тым што апрыёры першае месца забраніравана за немцамі.
Група „G”: Бельгія, Панама, Туніс, Англія
Адвечны чэмпіён адбору – Англія. Але яе перспектывы ў фінальнай частцы туманныя як сам Альбіён. Апошні мундыяль дружына “трох ільвоў” праваліла абсалютна, цяпер жа група для адзіных брытанцаў на турніры лягчэйшая. Туніс – дастаткова моцная дружына, праўда без яркіх зорак у параўнанні з іншымі афрыканскімі дэлегатамі – Егіптам ці Сенегалам. На чэмпіянаце свету 1998 году тунісцы ўжо сустракаліся з ангельцамі і тады саступілі 0:2. Што такое дружына Панамы і з чым яе ядуць – у Еўропе ніхто не ведае. Бельгія граміла ўсіх у адборы, мае россып моцных гульцоў, але ці складзецца камандавы пазл – прагназаваць цяжка. Бальшыня лідараў стракатай інтэрнацыянальнай дружыны Бельгіі гуляе якраз у Англіі, што надасць іх асабістаму змаганню асаблівую пікантнасць.
Група „H”: Польшча, Сенегал, Калумбія, Японія
Польская рэпрэзентацыя перажывае свой рэнесанс. Яе поспех грунтуецца на трэнерскім таленце Адама Навалкі і залежыць таксама ад некалькіх стылеўтваральных гульцоў – такіх як Гжэгаш Крыховяк і канешне лепшы галеадор у еўрапейскім адборы Роберт Левандоўскі. На першы погляд, “бялэ-чэрвоным” пашанцавала пры лёсаванні, але на маю думку, прасцей ім было б, каб у групу з трэцяга кошыка трапіла лепш знаёмая еўрапейская дружына. Да ўсяго – з чацвёртага пулу палякі атрымалі сама мацнейшага суперніка – Японію. У цэлым – гэта найбольш роўная група абсалютна розных па гульнёвай філасофіі зборных, адпаведна з 50% шанцамі кожнага выйсці з квартэту. Сачыць за гэтым міжкантынентальным спаборам будзе надзвычай цікава.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя