Людас Румбуціс: Чагосьці мы ў футболе дасягнулі…
24 лістапада вядомы беларускі футбаліст, чэмпіён СССР 1982 году ў складзе менскага “Дынама” Людас Румбуціс адзначае 60-гадовы юбілей.
Людас Румбуціс – чэмпіён СССР 1982 году, бронзавы прызёр СССР-1983. Гуляў за літоўскі “Жальгірыс” і менскае “Дынама”. Па заканчэнні кар’еры працаваў у розных футбольных клубах краіны, нярэдка выступае футбольным экспертам у СМІ.
А вось як распавядаў пра Людаса Румбуціса яго таварыш па камандзе Юрый Пудышаў:
“У нас у камандзе была “чорная” каса, куды парушальнікі дысцыпліны плацілі штрафныя грошы. Касу трымаў Дзед, як называлі Людаса Румбуціса. Рускую мову ён ведаў дрэнна, бубніў увесь час нешта сабе пад нос, вось яго Дзедам і назвалі. А ведаеце, як Румбуціс у “Дынама” патрапіў? Начальнік каманды Аляксандр Іванавіч Гарбылёў паехаў у Літву ці то за пакупкамі, ці то яшчэ за нечым. Глядзіць – нейкі хлопец з торбачкай ідзе. Гэта Людас з канькамі шпацыраваў. А Гарбылёў падумаў, што гэта футбаліст і прывёз у Мінск Румбуціса. Той, як прыехаў, увесь час нейкія сухарыкі грыз пачакамі ды на гітары нешта брынчаў. Мы, калі напіваліся, увесь час бралі гэтую гітару і з шасцістрункі рабілі аднаструнку. А раніцай Румбуціс па-новаму накручваў струны. Дзед заўсёды быў старанным і працавітам”.
Сам Людас Іонавіч расповяды калегі прымае без крыўды: “Трэба аддаць належнае Юрыю Аляксеевічу – ён майстар літаратурнага жанру. Байкі Пудышава можна слухаць гадзінамі”.
Што датычыцца ролі футбола ў сваім жыцці, то тут Людас Румбуціс усім задаволены.
“У першую чаргу футбол дазволіў мне самазацвердзіцца, – адзначае ён. – А мы ўсё ж такі нечага дасягнулі ў спорце. Не ведаю, як бы склаўся мой лёс, калі б застаўся ў Літве. Горш было б ці лепш?.. Але сёння маю тое, што маю”.
З юбілеем, Людас Іонавіч!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара