Магамедхабіб Кадзімагамедаў заваяваў срэбра Алімпійскіх гульняў
Беларускі барэц вольнага стылю Магамедхабіб Кадзімагамедаў заваяваў сярэбраны алімпійскі медаль.
У паядынку за чэмпіёнскі тытул у вагавай катэгорыі 74 кг Кадзімагамедаў саступіў расейцу Заурбеку Сідакову 0-7.
Беларуска Ванеса Каладзінская стала ўладальніцай бронзавага алімпійскага медаля ў жаночай барацьбе. У паядынку за бронзу ў вагавай катэгорыі 53 кг беларуская спартоўка датэрмінова перамагла амерыканку Джакару Гвенішу Вінчэсцер.
МАК у якасці часовай меры пазбавіў акрэдытацый Артура Шумакова і Юрыя Маісевіча
4 жніўня МАК адкрыў дысцыплінарную справу па Кейсу беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. Камісія расследавала дзеянні двух членаў беларускай дэлегацыі: прадстаўніка каманды Артура Шумакова і галоўнага трэнера лёгкаатлетычнай зборнай Юрыя Маісевіча. У выніку МАК адклікаў акрэдытацыі ў Шумакова і Маісевіча, якія ўжо пакінулі алімпійскую вёску і вяртаюцца ў Беларусь.
Пазбаўленне акрэдытацый прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі не азначае, што справа лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай закрытая. Пра гэта паведаміў кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах.
„МАК не ў стане змяніць палітычную сістэму ў краіне”, – сказаў ён на прэс-канферэнцыі. – Што тычыцца санкцый, то іх задача – адлучыць ад Гульняў тых, хто парушае нашы каштоўнасці”.
Бах таксама нагадаў, што МАК не прызнае абранне старэйшага сына Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
Аліна Гарноська і Анастасія Салас выйшлі ў фінал алімпійскага турніру па мастацкай гімнастыцы
Дзве беларускія спартоўкі выйшлі ў фінал індывідуальнага шматборства ў спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы. Па выніках выступаў у кваліфікацыі Аліна Гарноська заняла 4-е месца. Адразу ўслед за ёй размясцілася Анастасія Салас. Наперадзе расейскія сёстры Дзіна і Арына Аверыны, а таксама ізраільцянка Лінай Ашрам. Фінальная стадыя з удзелам дзесяці лепшых гімнастак пройдзе 7 жніўня.
Анастасія Пракапенка на АГ-2020 заняла 8-е месца, Вольга Сілкіна – 18-е
Беларускі Анастасія Пракапенка і Вольга Сілкіна занялі 8-е і 18-е месца ў спаборніцтвах па сучасным пяціборстве на Алімпіядзе. Перамагла брытанка Кэйт Фрэнч. Абедзве беларускі лічыліся аднымі з фаварытак у барацьбе за медалі: Пракапенка выйграла золата ў індывідуальным першынстве на ЧС-2021, Сілкіна была чэмпіёнкай свету ў асабістым першынстве ў 2019 годзе.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: unitedworldwrestling.org