МАК не прызнаў Віктара Лукашэнку прэзідэнтам НАК Беларусі



Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта на пасяджэнні, якое адбылося 8 сакавіка, не прызнаў Віктара Лукашэнку прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Акрамя таго, не прызнаныя паўнамоцтвы абранага ў склад выканкама НАК старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава.

Міжнародны алімпійскі камітэт пацвердзіў, што санкцыі супраць іх застаюцца сапраўднымі. Такім чынам, яны не змогуць наведваць Алімпійскія гульні і іншыя мерапрыемствы МАК. Арганізацыя не будзе весці з імі перамовы, падтрымліваючы кантакт выключна з генеральным сакратаром НАК Палінай Галавіной.

У МАК засталіся вельмі расчараваныя шэрагам фактаў. Акрамя абрання 26 лютага Віктара Лукашэнкі і Дзмітрыя Баскава, гэта знаходжанне ў спісе кандыдатаў Аляксандра Лукашэнкі. Усе трое на момант выбараў былі пад санкцыямі МАК.

МАК пацвердзіў, што ўсе санкцыі да НАК Беларусі застаюцца ў сіле. Гэта значыць, што Нацыянальны алімпійскі камітэт не зможа атрымліваць фінансавыя выплаты, за выключэннем сродкаў, прызначаных спартоўцам.

Таксама МАК не будзе запрашаць на Алімпіяду высокапастаўленых дзяржаўных службоўцаў Беларусі. Усім федэрацыям прадпісана забяспечыць роўнае стаўленне да ўсіх спартоўцаў, выключыўшы кожную дыскрымінацыю па палітычных поглядах.

tut.by

Фота: прэс-служба НАК