МАК просіць НАК Беларусі патлумачыць сітуацыю з магчымым ціскам на спартоўцаў
Пра гэта паведамляе Deutsche Welle. У МАК заявілі, што яны не будуць каментаваць палітычныя падзеі ў Беларусі. Таксама яны адзначылі, што пакуль не атрымлівалі лістоў ад спартоўцаў. „Тым не менш звязаліся з Нацыянальным Алімпійскім камітэтам Беларусі, каб атрымаць тлумачэнні. Калі нейкі спартовец пазбавіцца месца ў зборнай з-за сваіх палітычных поглядаў, то абавязкова разгледзім такі выпадак”, – гаворыцца ў заяве камітэта.
Беларусь, Літва і Польшча сумесна падалі папярэднюю заяўку на правядзенне мужчынскага Чэмпіяната Еўропы па гандболе 2026
Пры гэтым у ЕГФ фіксуюць рэкордную цікавасць да правядзення чэмпіянатаў Еўропы 2026 і 2028 гадоў. Канкураваць будуць яшчэ пяць заявак-прэтэндэнтаў: Харватыя, Францыя, Швейцарыя, Швецыя, а таксама Данія і Нарвегія, якія разлічваюць прыняць турнір сумесна, адзначае „Хуткі цэнтр”. Таксама ЕГФ атрымала восем заявак ад 10 краін на правядзенне мужчынскага чэмпіянату Еўропы 2028 года.
Аляксандр Бразевіч стане новым галоўным трэнерам „Слуцка”
Новым галоўным трэнерам „Слуцка” стане Аляксандр Бразевіч. „Слуцк” на дадзены момант займае 13-е месца ў чэмпіянаце. Каманда набрала 21 ачко пасля 23 матчаў. Бразевічу 47 гадоў. У ліпені ён пакінуў пасаду настаўніка „Смалявічаў”, да таго працаваў у шэрагу беларускіх і літоўскіх клубаў.
Эдзінсан Кавані стаў гульцом „Манчэстар Юнайтэд”
Былы нападнік „ПСЖ” Эдзінсан Кавані стаў гульцом „Манчэстар Юнайтэд”, паведамляецца на афіцыйным сайце англійскага клуба. Кантракт уругвайскага футбаліста разлічаны на адзін год з магчымасцю падаўжэння яшчэ на адзін сезон. „Манчэстар Юнайтэд” – адзін з найвялікшых клубаў свету, таму знаходзіцца тут – вялікі гонар, – адзначыў Кавані. Ён выступаў за „Пары Сэн-Жэрмэн” з 2013 па 2020 год. У мінулым сезоне ўругвайскі форвард прыняў удзел у 14 матчах чэмпіянату Францыі (7 – у асноўным складзе), у якіх забіў 4 мячы (1 – з пенальці) і аддаў 1 выніковую перадачу.
Серхіа Рамас і Роналд Куман – сярод намінантаў на званне лепшага цэнтральнага абаронцы ў гісторыі
Французскі часопіс „France Football” склаў рэйтынг з 10 цэнтральных абаронцаў, якія прэтэндуюць на званне лепшага ў гісторыі.
У спіс увайшлі наступныя гульцы: італьянцы Франка Барэзі, Фабіё Канавара і Гаэтана Шырэа, ангелец Бобі Мур, немцы Франц Бекенбауэр і Матыяс Замер, аргентынец Даніэль Пасарэла, француз Марсэль Десайі, нідэрландзец Роналд Куман і іспанец Серхіа Рамас. Выданне плануе скласці сімвалічную зборную ўсіх часоў па схеме 3-4-3. Пераможцу вызначыць журы, якое ўдзельнічае ў галасаванні за „Залаты мяч”.
Эквадорац Джонатан Кайседа выйграў трэці этап велашматдзёнкі „Джыра д’Італія”
Эквадорскі велагоншчык Джонатан Кайседа з каманды EF Pro Cycling выйграў трэці этап шматдзённай велагонкі „Джыра д’Італія”. Гэта этап шматдзёнкі многія спецыялісты называюць ключавым на першым тыдні Гранд-тура. Тым каштоўней дасягненне Джонатана Кайседа, які пераадолеў дыстанцыю ў 150 км за 4 гадзіны 2 хвіліны 33 секунды.
Другое месца заняў італьянец Джавані Вісконці, які адстаў ад пераможцы на 21 секунду. Трэцім фінішаваў бельгіец Хармія Ванхауке з Lotto Soudal з адставаннем у 30 секунд. У генеральнай класіфікацыі пасля гэтай гонкі, якая завяршылася на Этне, права надзець ружовую майку лідара атрымаў партугалец Жаао Алмейда з велакаманды Deceuninck-Quickstep.
Аберхоф прыме два этапы Кубка свету па біятлоне ў студзені
Два студзеньскія этапы Кубка свету па біятлоне, якія, згодна са спаборніцкім календаром, прымае Нямеччына, пройдуць у Аберхофе. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Міжнароднага саюза біятланістаў. Па традыцыі адзін з этапаў у Нямеччыне праходзіць у Рупольдынгу. Аднак з-за сітуацыі з пандэміяй каронавіруса праўленне Міжнароднай федэрацыі біятлону прыняло рашэнне аб пераносе, каб скараціць лік пераездаў для спартоўцаў. Трэці этап Кубка свету ў студзені пройдзе ў італьянскім Антхольцы. Расклад этапаў Кубка свету на люты і сакавік будзе зацверджаны ў лістападзе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя