МАК расследуе заявы беларускіх спартоўцаў аб дыскрымінацыі з-за палітычных поглядаў
Міжнародны алімпійскі камітэт расследуе заявы беларускіх спартсменаў, якія зведваюць дыскрымінацыю з-за сваіх палітычных поглядаў, заявіў 7 кастрычніка прэзідэнт МАК Томас Бах.
„Мы вельмі занепакоеныя інфармацыяй, якую атрымліваем”, — прыводзіць медыяплатформа Devdiscourse словы Баха па выніках пасяджэння выканаўчага савета арганізацыі. Ён адзначыў, што МАК ужо вёў перапіску з беларускім Нацыянальным алімпійскім камітэтам і цяпер таксама разгледзіць пытанне пра стыпендыі ды іншыя фонды, якія былі накіраваныя ў Беларусь, і пра тое, ці дасягнулі яны тых асоб, для якіх прызначаныя.
„Мы чуем, што на самой справе спартсмены кажуць, што Нацыянальны алімпійскі камітэт дыскрымінуе іх толькі па палітычных прычынах”, — адзначыў прэзідэнт МАК.
„Недыскрымінацыя — найважнейшая каштоўнасць алімпійскага руху. Вось чаму мы так сур`ёзна ставімся да гэтага, — сказаў Бах. — Выканаўчы савет вырашыў, што мы ўзмоцнім наша расследаванне, каб вызначыць, ці выканаў НАК абавязацельствы ў адпаведнасці з Алімпійскай хартыяй”.
„Мы грамадзянская няўрадавая арганізацыя, і наш мандат абмежаваны спортам. Мы не можам змяніць ні палітычную сістэму, ні законы суверэннай краіны. Але мы вельмі сур`ёзна ставімся да мандата, які ў нас ёсць, каб гарантаваць, што НАК любой краіны паважае Алімпійскую хартыю і што спартсмены карыстаюцца правамі ў адпаведнасці з хартыяй”, — падкрэсліў кіраўнік МАК.
Як паведамляў БелаПАН, Свабоднае аб`яднанне спартсменаў Беларусі 7 кастрычніка звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт з лістом, дзе заклікала прыпыніць членства Беларусі ў гэтай арганізацыі.
У адкрытым лісце атлеты звяртаюць увагу на шматлікія выпадкі арыштаў, націску і звальненняў заслужаных спартсменаў і спартыўных чыноўнікаў краіны. Яны таксама адзначылі, што сваімі дзеяннямі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі груба парушае прынцыпы Алімпійскай хартыі, не звяртаючы ўвагі на факты гвалту, катаванняў, пагроз і дыскрымінацыі.
Атлеты папрасілі МАК правесці „належнае расследаванне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартсменаў”. Акрамя гэтага, яны прапанавалі прыняць меры ў дачыненні да НАК Беларусі, прадугледжаныя Алімпійскай хартыяй. У прыватнасці, прыпыніць фінансаванне членства Нацыянальнага камітэта ў МАК да нармалізацыі сітуацыі.
У лісце таксама ўтрымліваецца просьба дапамагчы спартсменам, якія пацярпелі ад незаконнай дыскрымінацыі, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах пад эгідай МАК.
Ініцыятыва „Свабоднае аб`яднанне спартсменаў Беларусі” створаная ў пачатку верасня вядомымі беларускімі спартсменамі супраць гвалту і самавольства ў краіне. 25 верасня ініцыятыва апублікавала відэазварот, у якім вядомыя спартсмены казалі пра тое, што „дзяржаўныя органы штодня і паўсюдна парушаюць Канстытуцыю, законы і Алімпійскую хартыю і базавыя правы чалавека — людзей запалохваюць, затрымліваюць, рэпрэсуюць і катуюць”. Яны заклікалі сваіх „калег-спартсменаў, балельшчыкаў і ўсіх людзей на планеце” стаць на іх бок „у гэтай вайне паміж дабром і злом”.
У жніўні беларускія спартсмены і прадстаўнікі спартыўнай галіны краіны напісалі адкрыты ліст, адрасаваны ўладам Беларусі. У ім яны катэгарычна асудзілі „шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта” і праявы гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Падпісанты заклікалі „вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў”. Спартсмены выказалі гатоўнасць адмовіцца ад выступленняў за нацыянальную зборную. Пад лістом, які апублікавала газета „Прессбол”, падпісаліся больш за 650 спартсменаў і работнікаў галіны.
Фота: РИА Новости