МАК рэкамэндаваў не дапускаць да спаборніцтваў расейцаў і беларусаў
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамэндаваў міжнародным спартовым фэдэрацыям не дазваляць выступаць у спаборніцтвах расейскім і беларускім спартоўцам, а таксама афіцыйным асобам, паведаміла 28 лютага прэс-служба МАК. Гэты крок зроблены ў сувязі з расейскім узброеным уварваннем ва Украіну.
Reuters таксама нагадвае, што 4 сакавіка ў Пэкіне стартуюць Паралімпійскія зімовыя гульні. «Цяперашняя вайна ва Украіне ставіць перад Алімпійскім рухам дылему. У той час як атлеты з Расеі і Беларусі будуць магчы працягваць удзел у спартовых падзеях, у многіх спартоўцаў з Украіны такой магчымасьці не будзе, бо на іх краіну напалі», — падкрэсліваюць у МАК.
У камітэце адзначылі, што калі выканаць рэкамэндацыю як найхутчэй з арганізацыйных або юрыдычных прычын будзе нерэальна, то МАК заклікае міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і арганізатараў спаборніцтваў ва ўсім свеце зрабіць усё магчымае, каб ніводзін спартовец або чыноўнік з Расеі ці Беларусі не быў дапушчаны да ўдзелу пад сваім сцягам. Адначасова МАК захаваў рэкамэндацыю не праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў Расеі і Беларусі.