Максім Баранаў падоўжыў кантракт з „Мяшкоў Берасце”



Беларускі правы крайні Максім Баранаў працягнуў кантракт з „Мяшкоў Берасце”.

Баранаў з’яўляецца другім бамбардзірам у гісторыі клуба пасля цяперашняга галоўнага трэнера „Гомеля” Андрэя Мачалава. Новае пагадненне набудзе моц найбліжэйшым летам і будзе разлічана да канца сезона-2023/24. Іншы правы крайні „Мяшкова” Мікіта Вайлупаў пасля заканчэння цяперашняй кампаніі стане гульцом „Веспрэма”.

Стаў вядомы склад біятлоннай зборнай Беларусі на стартавых этапах Кубка свету

Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды Беларусі па біятлоне вызначыўся са складам на стартавыя этапы Кубка свету. На першым этапе Кубка свету, які пройдзе ў шведскім Эстэрсундзе 27-28 лістапада, у складзе жаночай каманды выступяць Ірына Лешчанка, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны. У мужчынскіх спаборніцтвах удзел прымуць Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялетнаў, Максім Варабей і Дзмітрый Лазоўскі.

Хакеісты „Гомеля” прабіліся ў фінал Кантынентальнага кубка

Хакеісты „Гомеля” заваявалі пуцёўку ў фінальную стадыю розыгрышу Кантынентальнага кубка. Перад апошнім паядынкам групы F у дацкім Ольбаргу з брытанскім „Шэфілдам” гамяльчанам патрэбна была толькі перамога з перавагай не менш за тры шайбы. І падапечныя Сяргея Стася выйгралі з сухім лікам 4:0 (1:0, 2:0, 1:0). Разам з гамяльчанамі ў фінал прабіўся дацкі Ольбарг. З другой паўфінальнай групы ў фінал выйшла польская „Краковія”, а таксама казахстанскі клуб „Сарыарка” з Караганды. Фінальны раўнд розыгрышу Кантынентальнага кубка пройдзе 7-9 студзеня.

Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў рэйтынгу WTA

Арына Сабаленка засталася на другім месцы сусветнага рэйтынгу пасля фінішу выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Вікторыя Азаранка займае 27-е месца (2166 ачкоў), Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 91-й пазіцыі (820), Вольга Гаварцова на 135-м месцы (564). Пераможца выніковага турніру іспанка Гарбінье Мугуруса паднялася на 3-е месца. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com/meshkovbrest