Максім Недасекаў выйграў золата ЧЕ па лёгкай атлетыцы ў памяшканні



Беларускі скакун у вышыню Максім Недасекаў выйграў залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканні, які завяршыўся ў Польшчы. Максім у сваёй лепшай спробе паказаў вынік 2 метры 37 сантыметраў. Гэта асабісты і нацыянальны рэкорд у дадзенай дысцыпліне. Дзякуючы гэтаму дасягненню Максім Недасекаў перамясціўся на першае месца ў сусветным топ-лісце. Гэта другі медаль беларускай каманды на кантынентальным форуме ў Польшчы. За дзень да гэтага вызначылася Ірына Жук, якая выйграла бронзавую ўзнагароду ў скачках з шастом. Цікава, што з 22 прадстаўнікоў зборнай Беларусі толькі двое паказалі на ЧЕ свае лепшыя вынікі сезону.

Хакеісты „Юнацтва” і „Шахцёра” дабіліся перамог у матчах плэй-оф чэмпіянату Беларусі

Хакеісты „Юнацтва” і „Шахцёра” дамагліся перамог у матчах чвэрцьфінальнай стадыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі. Шматразовыя чэмпіёны Беларусі, хакеісты „Юнацтва” без праблем разабраліся з „Брэстам” — 6:0. У Наваполацку мясцовы „Хімік” паказаў добры хакей у гульні з салігорскім „Шахцёрам”, але прайграў 1:2. Маладзечанcкае «Дынама» у Жлобіне абыграла мясцовы „Металург” з лікам 4:2. У серыі пакуль вядзе „Металург” з лікам 2:1. У яшчэ адным матчы „Гомель” святкаваў на выездзе валявую перамогу над „Нёманам” – 3:1. У серыі лік стаў 2:1 на карысць „Гомеля”.

Тар’е Бё выйграў гонку пераследу на этапе Кубка свету ў Чэхіі

Нарвежскі біятланіст Тар’е Бё выйграў гонку пераследу на восьмым этапе Кубка свету ў Нове-Места. Пераможца дапусціў адзін промах на агнявых рубяжах і фінішаваў, паказаўшы час 28 хвілін 17,3 секунды. Яго брат Ёханэс Бё фінішаваў другім. Замкнуў тройку наймацнейшых француз Сімон Дэсцье. Лепшы з беларусаў Сяргей Бачарнікаў заняў 17-е месца з адставаннем 1 хвіліна 29,6 секунды і без промахаў на стрэльбішчы. Беларуская біятланістка Ганна Сола заняла сёмае месца ў гонцы пераследу. Сола стартавала 11-й, дапусціла 4 промахі і фінішавала сёмай. Перамагла нарвежка Тырыль Экхаф. У яе было тры промахі на стрэльбішчы. Другой стала немка Дэніз Херман, трэцяй – яшчэ адна нарвежка – Марце Олсбю-Ройзеланд.

„Цмокi-Менск” прайгралі ЦСКА ў Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі 14-ы матч у Адзінай лізе ВТБ. У Маскве падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі дзейнаму пераможцу „банкаўскага” турніру ЦСКА з лікам 67:101. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Андрэй Рагозенка, які набраў 14 ачкоў. Менскія „цмокі” маюць толькі дзве вікторыі і па-ранейшаму займаюць апошняе, 13-е месца ў турнірнай табліцы.

„Шахцёр” разграміў „Нёман” у чвэрцьфінале Кубка Беларусі

Салігорскі „Шахцёр” святкаваў буйную перамогу над гарадзенскім „Нёманам” у чвэрцьфінальным матчы Кубка Беларусі. На 60-й хвіліне лік адкрыў Юрый Кендыш, затым вызначыўся Дэмба Дарбо, а апошнюю кропку паставіў Шахздабек Убайдулаеў – 3:0. Цяперашні ўладальнік Кубка Беларусі барысаўскі БАТЭ дамогся валявой вікторыі над „Віцебскам” – 2:1. У сярэдзіне першага тайма віцябчане выйшлі наперад пасля дакладнага ўдару Вандэрсана. Яшчэ да перапынку форвард барысаўчан Мікалай Сігневіч аднавіў раўнавагу, а ў другой палове гульні ён жа забіў пераможны гол. Жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” разграміла на сваім полі дзяржынскі „Арсенал” – 3:0, а футбалісты „Менска” на сваёй арэне згулялі ўнічыю з „Іслаччу” – 1:1.

«МЮ» абыграў «Манчэстар Сіці», перапыніўшы 15-матчавую пераможную серыю «гараджан» у АПЛ

У Манчэстэры на стадыёне «Этыхад» завяршыўся цэнтральны матч 27-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстар Сіці» – «Манчэстар Юнайтэд». Падначаленыя Уле-Гунара Сульшэра выйгралі лікам 2:0. Ужо на першай хвіліне матчу нападнік «Сіці» Габрыэль Жэзус парушыў правілы на лініі сваёй штрафной і суддзя паказаў на «кропку». Бруна Фернандэш рэалізаваў пенальці. Канчатковы лік быў усталяваны на 50-й хвіліне намаганнямі Люка Шоў. Такім чынам, завяршылася 15-матчавая пераможная і 19-матчавая бяспройгрышная серыі «гараджанаў» у матчах АПЛ. «Манчэстэр Сіці» у 28 матчах набраў 65 ачкоў і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі. «МЮ» набраў 54 ачкі і на другім месцы. У матчы 26-га тура чэмпіянату Іспаніі «Атлетыка» разышоўся мірам з «Рэалам» 1:1. Першы гол у матчы быў забіты на 15-й хвіліне. Яго аўтарам стаў нападнік «Атлетыка» Луіс Суарэс, які рэалізаваў выхад адзін на адзін з Цібо Куртуа. «Рэал» зраўняў лік на 88-й хвіліне. Гол забіў Карым Бензема. «Атлетыка» у 25 матчах набраў 59 ачкоў і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы . Мадрыдскі «Рэал» мае 54 ачкі і на 3-м месцы.

Беларускае Рады Рацыя