Максім Недасекаў заняў 3-е месца на этапе лёгкаатлетычнай Брыльянтавай лігі



Беларускі скакун у вышыню Максім Недасекаў заняў трэцяе месца на этапе лёгкаатлетычнай Брыльянтавай лігі ў Манака.

Свой выступ спартовец з Віцебскай вобласці завяршыў на адзнацы 2 метры 25 сантыметраў. Перамог расеец Міхаіл Акіменка, які выступае ў нейтральным статусе – 2 метры 32 сантыметры. У кіданні дзіды беларуска Таццяна Халадовіч заняла чацвёртае месца дзякуючы выніку 59 м 15 см. Не было роўных у дадзенай дысцыпліне чэшцы Барбары Шпотакавай – 63 м 08 см. У скачках з шостам Беларусь прадстаўляла Ірына Жук. Спартоўка з Гарадзеншчыны завяршыла спаборніцтвы з вынікам 4м 70 см. Ён не дазволіў ёй падняцца ў выніковым пратаколе вышэй за пятае месца.

Беларускія валейбалісткі з паразы стартавалі на моладзевым Чэмпіянаце свету

Беларускія валейбалісткі з паразы стартавалі на моладзевым чэмпіянаце свету, які праходзіць у нідэрландскім Ратэрдаме і бельгійскім Картрэйку. Каманда пад кіраўніцтвам Вольгі Пальчэўскай саступіла аднагодкам з Польшчы – 0:3. Калі ў першым сэце беларускі дазволілі суперніцам з самага пачатку захапіць ініцыятыву і дайсці да перамогі з камфортным лікам, то ў другой партыі разгарнулася куды больш упартая барацьба. На жаль, полькі былі больш дакладныя ў завяршальнай фазе нападаў і на блоку, здолеўшы пакінуць за сабой і дадзены адрэзак матчу. У трэцім сэце полькі дамінавалі ва ўсіх кампанентах гульні і дапускалі значна менш памылак. Самым выніковым гульцом матчу ў складзе зборнай Беларусі стала Ксенія Лябедкіна, якая набрала 9 ачкоў. Сёння беларускі, якія трапілі ў групу D, згуляюць з аднагодкамі з Егіпта.

Зборная Калумбіі абыграла Перу ў матчы за трэцяе месца Кубка Амерыкі

У матчы за трэцяе месца Кубка Амерыкі каманда Калумбіі сустракалася з футбалістамі Перу. Сустрэча прайшла ў Бразіліа на стадыёне «Манэ Гарынча – Нацыянальны» і завяршылася перамогай калумбійцаў з лікам 3:2. Пераможны мяч на чацвёртай кампенсаванай хвіліне забіў Луіс Дыяс.

У фінале Кубка Амерыкі зборная Аргенціны сустрэнецца з Бразіліяй.

БАТЭ згуляе на „Барысаў-Арэне” ў выпадку выхаду батумскага „Дынама” ў наступны раунд Лігі канферэнцый

Як вядома, у новым еўракубкавым турніры Лігі канферэнцый барысаўскі БАТЭ стартуе з 2-га кваліфікацыйнага раўнду паядынкамі з пераможцам пары „Трэ Пенне” (Сан-Марына) – „Дынама” (Батумі, Грузія). Вялікая верагоднасць, што пасля выязной вікторыі грузінаў у першым матчы гэтай пары з лікам 4:0 супернікамі „жоўта-сініх” будуць батумскія дынамаўцы. У такім выпадку 22 ліпеня БАТЭ пачне свой шлях у Лізе канферэнцый гульнёй у Батумі. А сустрэча ў адказ пройдзе на „Барысаў-Арэне” 29 ліпеня. Па рашэнні выканкама УЕФА гасцявым заўзятарам забаронена наведваць матчы клубных спаборніцтваў пад эгідай УЕФА.

Ілля Шкурын аформіў арэнднае пагадненне з кіеўскім „Дынама”

Беларускі форвард Ілля Шкурын будзе выступаць за кіеўскае „Дынама” да заканчэння сезона-2021/22. Пра гэта паведамляе прэс-служба ПФК ЦСКА. Кіеўскі клуб аформіў арэнднае пагадненне з правам выкупу. Шкурын выправіцца з камандай на збор у Швейцарыю. „Дынама” давялося шукаць новага форварда, улічваючы сітуацыю з Арцёмам Бяседзіным, які з-за траўмы выбыў са складу найменш чым на паўгода.

Шкурын перайшоў у склад ЦСКА ў студзені. У мінулым сезоне РПЛ ён адыграў дзевяць матчаў, у якіх забіў тры мячы.

Менскае „Дынама” згуляе з „Лакаматывам” у Яраслаўлі 7 верасня – роўна праз дзесяць гадоў пасля трагедыі

Менскае „Дынама” згуляе з „Лакаматывам” у Яраслаўлі 7 верасня – роўна дпраз зесяць гадоў пасля авіякатастрофы, у якой загінула яраслаўская каманда. Яраслаўцы згуляюць у гэты дзень упершыню пасля трагедыі. Матч з „Дынама” быў прызначаны на гэтую дату па просьбе „Лакаматыва”, паведамляе прэс-служба КХЛ.

У 2011 годзе самалёт Як-42 з камандай на борце пацярпеў крушэнне пры вылеце ў Менск, дзе ён павінен быў правесці першы матч у сезоне КХЛ. У авіякатастрофе загінулі агулам 44 чалавекі,  гульцы і трэнерскі штаб – ўсе, хто быў на борце. Выжыў толькі бортправаднік Аляксандр Сізоў. Гэтая трагедыя забрала жыцці трох беларусаў: хакеістаў Руслана Салея і Сяргея Астапчука і трэнера Мікалая Крываносава.

Беларускае Радыё Рацыя

https://sputnik.by/