Максім Сушко выкліканы „Філадэльфіяй” з АХЛ у НХЛ



„Філадэльфія” выклікала з АХЛ беларускага нападніка Максіма Сушко.

У гэтым сезоне ён правёў за „Ліхай Вэлі” тры матчы, у якіх не набраў выніковых балаў пры паказчыку карыснасці -1. Да гэтага Сушко выступаў у КХЛ за менскае „Дынама”, дзе ў 30 матчах набраў 5 (2+3) ачкоў пры 20 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці -3. Наступны матч „Філадэльфіі” мусіць адбыцца 19 лютага супраць „Нью-Ёрк Рэйнджэрс”.

Арына Сабаленка і Эліс Мертэнс выйшлі ў паўфінал „Australian Open”

Арына Сабаленка ў пары з бельгійкай Эліс Мертэнс выйшлі ў паўфінал „Australian Open”. У чвэрцьфінале яны адолелі японскі дуэт Эна Сібахара / Сука Аояма – 6:2, 6:0. У паўфінале Сабаленка і Мертэнс згуляюць з амерыканкай Ніколь Меліхар і нідэрландкай Демі Схюрс, якія маюць чацвёрты нумар у парным разрадзе „Australian Open”.

23-разовая пераможца турніраў „Вялікага шлема” амерыканка Серэна Уільямс выйшла ў паўфінал „Australian Open”, абыграўшы прадстаўніцу Румыніі Сымону Халеп (2) – 6:3, 6:3. За выхад у фінал „Australian Open” Серэна Уільямс паспрачаецца з японкай Наомі Осакай.

Індывідуальную гонку на ЧС па біятлоне выйграла чэшка Маркета Давідавага

Чэская спартоўка Маркета Давідавага перамагла ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы. Другі вынік паказала шведка Ганна Эберг. Трэцяй стала біятланістка з Нарвегіі Інгрыд Ландмарк Тандравольд. Лепшая з беларусак Дынара Алімбекава заняла 17-е месца. Алена Кручынкіна стала 26-й. Ірына Кручынкіна заняла 56-е месца. Ганна Сола фінішавала на 70-м месцы.

Жазэ Мурынью – найлепшы трэнер XXI стагоддзя

Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS) апублікавала рэйтынг лепшых трэнераў свету ў XXI стагоддзі. Першае месца ў гэтым спісе заняў галоўны трэнер «Тотанхема» Жазэ Мурынью. У 58-гадовага партугальца дзве перамогі ў Лізе чэмпіёнаў з „Порту” і „Інтэрам”, перамога ў Кубку УЕФА з „Порту” і ў Лізе Еўропы з „Манчэстар Юнайтэд”. Чатыры разы ў гэтым стагоддзі Мурынью выйграваў званне найлепшага трэнера свету. Другое месца ў галасаванні заняў галоўны трэнер зборнай Нямеччыны Ёахім Леў. Трэцяе месца падзялілі былы трэнер „Манчэстар Юнайтэд” Алекс Фергюсан і Хасэп Гвардзьёла, які цяпер узначальвае „Манчэстар Сіці”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by