Максім Варабей стаў другім у спрынце на этапе Кубка IBU ў „Раўбічах”



Беларускі спартовец Максім Варабей заняў другое месца ў спрынтарскай гонцы на фінальным этапе Кубка IBU па біятлоне, які праходзіць у „Раўбічах”.

Найлепшы час паказаў нарвежскі біятланіст Сіверт Гуторм Бакен. На трэцяй пазіцыі размясціўся яшчэ адзін нарвежац Эндру Стрэмсхейм. Максім Варабей саступіў пераможцу гонкі 5,2 сек.

Шведская спартоўка Элізабэт Хэгберг выйграла спрынтарскую гонку ў жанчын. На другой пазіцыі немка Стэфані Шэрар. Замкнула тройку наймацнейшых біятланістак нарвежка Аасне Скрэдэ. Прадстаўніца зборнай Беларусі Адэліна Сабітава размясцілася на 27-м радку пратаколу.

Арына Сабаленка намінавана на званне найлепшай тэнісісткі лютага

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка, румынка Сымона Халеп і прадстаўніца Нідэрландаў Кікі Бертанс прэтэндуюць на званне найлепшай тэнісісткі лютага. Сабаленка заваявала тытул на прадстаўнічым турніры ў Досе. Халеп выйграла спаборніцтвы ў Дубаі. Бертанс стала першай тэнісісткай, якая абараніла тытул у Санкт-Пецярбургу. Галасаванне завершыцца 7 сакавіка.

Вера Лапко і Лідзія Марозава выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Ліёне

Беларускі Вера Лапко і Лідзія Марозава выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Ліёне. У матчы 1/8 фіналу нашы суайчынніцы ўзялі верх над дуэтам Лаура Пігосі (Бразілія) / Разалі ван дэр Хук (Нідэрланды) – 6:2, 7:6 (7:0).

Аляксей Протас і Ілля Усаў набралі шэсць ачкоў у матчы з „Калгары”

Мінулай ноччу „Прынс Альберт” на хатняй пляцоўцы не пакінуў шанцаў „Калгары Хітман” – 8:3. Беларус Аляксей Протас ў большасці закінуў шостую шайбу і двойчы асіставаў партнёрам. Усяго ў гэтым сезоне нападнік набраў 76 (30+46) ачкоў. Ілля Усаў забіў гол і аддаў дзве выніковыя перадачы. У актыве форварда 51 (22+59) бал за 55 гульняў.

На гульню Суперкубка Беларусі ўсе квіткі прададзеныя

На матч за Суперкубак Беларусі паміж чэмпіёнам краіны берасцейскім „Дынама” і ўладальнікам Кубка краіны салігорскім „Шахцёрам” усе білеты прададзены, – паведамляе прэс-служба БФФ. Гульня пройдзе сёння на стадыёне ФК „Менск” умяшчальнасцю каля 3000 гледачоў і пачнецца ў 19.30.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА