„Манчэстар Сіці” перамог „Рэал” у матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў



Футбалісты англійскага „Манчэстэр Сіці” абыгралі на Санцьягу Бернабэў мадрыдскі „Рэал” з лікам 2:1 у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

У першым тайме сустрэчы ў іспанскай сталіцы супернікам не ўдалося адкрыць лік. А пасля перапынку гульцы зайгралі больш актыўна і на 60-й хвіліне Іска вывеў гаспадароў наперад. Праз 18 хвілін Габрыэль Жэзус аднавіў раўнавагу, а на 83-і хвіліне Кевін Дэ Бройнэ з пенальці забіў пераможны мяч. Таксама з поля быў выдалены капітан «мадрыдцаў» Серхіа Рамас, які прапусціць матч у адказ. У другім матчы гульнявога дня футбалісты французскага „Ліёна” адолелі гасцей з італьянскага „Ювентуса” з лікам 1:0. Адзіны гол на 31-й хвіліне сустрэчы забіў Люка Тузар.

Футбалісты зборнай Беларусі перамаглі балгараў у таварыскім матчы

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі абыгралі каманду Балгарыі з лікам 1:0 у гасцявым таварыскім матчы. Сустрэча на Сафійскім стадыёне „Васіл Леўскі” пачалася з нападаў гаспадароў, але абарона гасцей на чале з дэбютантам нацыянальнай зборнай Беларусі галкіперам Ягорам Хаткевічам была на вышыні. А на 15-й хвіліне гульні беларусы арганізавалі контратаку, і Дзмітрый Падстрэлаў адкрыў лік. Пасля перапынку баўгары таксама валодалі ініцыятывай, але лік не змяніўся.

Анастасія Салос выйграла 5 залатых узнагарод на турніры ў Будапешце

Беларуская спартоўка Анастасія Салос выйграла пяць залатых медалёў на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы ў Будапешце Gracia Cup — 2020. Адна з лідараў зборнай Беларусі першынствавала ў шматбор’і, атрымаўшы ад суддзяў ацэнку 90,100 бала. Анастасія Салос таксама выйграла ўзнагароды вышэйшай пробы ў фіналах асобных відаў: з абручом, мячом, булавамі і стужкай. У ХХ Міжнародным турніры Gracia cup – 2020 у Будапешце удзельнічалі 478 спартовак прыкладна з 30 краін.

Сабаленко разграміла Сакаруі на турніры ў Досе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка святкавала другую перамогу на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 900 тысяч даляраў. У 1/8 фіналу Арына ўсяго за 55 хвілін упэўнена перайграла грэцкую тэнісістку Марыю Сакару – 6:3, 6:0. У чвэрцьфінале беларуска сустрэнецца з кітаянкай Чжэн Сайсай.

Марыя Шарапава аб’явіла аб завяршэнні кар’еры

Расейская тэнісістка Марыя Шарапава аб’явіла аб завяршэнні спартовай кар’еры, паведамляе ТАСС. Пра гэта яна напісал ў сваёй калонцы ў выданні Vanity Fair. „Тэніс – я кажу бывай”, – заявіла 32-гадовая спартоўка. Марыя Шарапава стала прафесійнай тэнісісткай у 2001 годзе. За сваю кар’еру яна выйграла 36 тытулаў пад эгідай WTA, уключаючы пяць – з серыі „Вялікага шлема” і адзін выніковы турнір. Шарапава з’яўляецца срэбным прызёрам Алімпіяды-2012 у Лондане. На працягу доўгага перыяду ў сваёй кар’еры расейка змагалася з траўмай пляча, на якім у 2008-м перанесла аперацыю. Пасля допінгавай дыскваліфікацыі ў 2016-17 гадах Шарапава вельмі рэдка выступала. У мінулым сезоне яна згуляла пятнаццаць матчаў, з якіх выйграла толькі восемь.

Беларускае Радыё Рацыя