„Манчэстар Сіці” перамог „Рэал” у першым паўфінале Лігі чэмпіёнаў




Футбалісты англійскага клуба „Манчэстар Сіці” адолелі мадрыдскі „Рэал” з лікам 4:3 у першым паўфінальным матчы Лігі чэмпіёнаў.

Фота: Instagram/championsleague

Сустрэча ў Манчэстары пачалася з атак гаспадароў, і ўжо на 2-й хвіліне Кевін дэ Бройнэ адкрыў лік, а яшчэ праз 10 хвілін Габрыэль Жэзус забіў другі мяч. На 33-й хвіліне капітан «Рэала» Карым Бензема скараціў разрыў у ліку. Пасля перапынку супернікі забілі яшчэ па два разы: у складзе гаспадароў вызначыліся Філ Фодэн і Бернарду Сілва, а ў „Рэала” галы забілі Вінісіўс Жуніёр і Карым Бензема, які рэалізаваў пенальці. Аформіўшы галявы дубль, Бензема выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі, забіўшы 14 мячоў.
Паядынак у адказ за выхад у фінал адбудзецца 3 траўня ў Мадрыдзе.
Сёння ў другім паўфінале таксама будуць супернічаць прадстаўнікі Англіі і Іспаніі – „Ліверпуль” і „Вільярэал”.

Гол Шыкаўкі прынёс „Кароне” перамогу над „Відзэвам”

„Карона” ўзяла верх над „Відзевам” у выязным матчы 30-га тура першай лігі чэмпіянату Польшчы — 2:1. Пераможны гол забіў беларускі форвард Яўген Шыкаўка. Ён адыграў увесь матч, забіў гол і зарабіў папярэджанне. „Карона” размяшчаецца на чацвёртым радку, „Відзэў” ідзе на другім месцы.

Ілля Івашка выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Мюнхене

Беларускі тэнісіст Ілья Івашка (44-ы нумар сусветнага рэйтынгу) пераможна стартаваў на турніры катэгорыі АТР-250 у нямецкім Мюнхене з прызавым фондам 534,5 тысяч еўра.
У 1/16 фіналу беларус за дзве з паловай гадзіны адолеў у трохсэтавым паядынку амерыканскага тэнісіста Макензі Макдональда (51) – 6:4, 3:6, 6:3. У паядынку за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ільі Івашкі будзе грузінскі тэнісіст Нікалаз Басілашвілі (20).

Шаранговіч закінуў 24-ю шайбу ў сезоне, „Нью-Джэрсі” прайграў „Атаве”
 
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” саступіў у авертайме „Атаве”. Беларускі форвард „д’яблаў” Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 18 хвілін 34 секунды, закінуў шайбу, якая дазволіла яго камандзе перавесці гульню ў дадатковую пяціхвілінку, нанёс 4 кідкі, меў паказчык карыснасці -1, здзейсніў 1 перахоп і дапусціў 1 страту. Усяго ў гэтым сезоне Шаранговіч зарабіў 46 (24+22) бамбардзірскіх балаў у 74 матчах.

ЦСКА абыграў „Металург” у пятым матчы фіналу Кубка Гагарына

Хакеісты ЦСКА ў гасцях абгулялі „Металург” у пятым матчы фіналу плей-оф КХЛ. Зыход сустрэчы ў выніку вырашыўся ў авертайме, дзе вікторыю „армейцам” прынёс абаронца Клас Дальбек – 3:2. „Армейцы» скарацілі адставанне ў серыі – 3:2 на карысць „Магніткі”.

Расею пазбавілі права правядзення ЧС па хакеі ў 2023 годзе

Міжнародная федэрацыя хакея адклікала права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2023 у Расеі. Мерапрыемства павінна было прайсці з 5 па 21 траўня ў Санкт-Пецярбургу. Як паведамляецца на сайце Міжнароднай федэрацыі хакея, рашэнне адклікаць правы на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2023 года ў Расеі «прадыктавана клопатам аб бяспецы і дабрабыце ўсіх гульцоў, якія ўдзельнічаюць, афіцыйных асоб, СМІ і заўзятараў». Раней зборныя Расеі і Беларусі былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў і не возьмуць, напрыклад, удзелу ў ЧС у гэтым годзе.

Беларускае Радыё Рацыя