„Манчэстэр Сіці” перамог на старце групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Дзеючы пераможца футбольнай Лігі чэмпіёнаў англійскі „Манчэстэр Сіці” паспяхова стартаваў у новым сезоне галоўнага кантынентальнага турніру. У стартавым матчы папярэдняй групы G чэмпіёны Англіі на сваёй арэне святкавалі валявую вікторыю над сербскай „Црвенай Звездай” з Бялграда 3:1. Нямецкі „Лейпцыг” з такім жа лікам абыграў у Берне швейцарскі „Янг Бойз”. У квартэце Н футбалісты іспанскай „Барселоны” разграмілі бельгійскі „Антверпен” – 5:0. Форвард «Барселоны» Роберт Левандоўскі адзначыўся голам на 19-й хвіліне. Гэта соты гол польскага нападніка ў еўракубках. Левандоўскі стаў трэцім футбалістам, які забіў 100 мячоў у еўракубках. Раней гэта зрабілі Ліянель Месі і Крышціяну Раналду. У гэтай жа групе ўкраінскі „Шахцёр” прайграў у Гамбургу партугальскаму „Порту” – 1:3. Гол брамніка Проведэля прынёс «Лацыё» нічыю ў матчы Лігі чэмпіёнаў з «Атлетыка» 1:1. „Феенорд” абыграў шатландскі „Селтык – 2:0. У папярэдняй групе F італьянскі „Мілан” на сваёй арэне згуляў унічыю з англійскім „Ньюкаслам” – 0:0. „Пары Сен-Жэрмэн” быў мацней за дортмундскую „Барусію” – 2:0.

Аляксандра Сасновіч прайграла 11-й ракетцы свету, не рэалізаваўшы два матч-болы

У другім раўндзе жаночага адзіночнага разраду на турніры ў мексіканскай Гвадалахары беларуска Аляксандра Сасновіч сустракалася з Каралін Гарсіяй з Францыі. Супрацьстаянне працягнулася 2 гадзіны 50 хвілін і завяршылася перамогай суперніцы 4:6, 7:6 (7:5), 6:4. Сасновіч у канцоўцы другога сэта падавала на матч і дазволіла апаненцы адыграць два матч-болы. Гарсія пакінула за сабой партыю на тай-брэйку, а пасля выйграла і трэцюю. У барацьбе на турніры ў Мексіцы застаецца яшчэ адна беларуска – Вікторыя Азаранка.

Беларуска Таццяна Паўлава паспрачаецца за бронзу чэмпіянату свету па барацьбе

У сталіцы Сербіі Бялградзе працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе, у якім пад нейтральным cцягам выступаюць беларускія спартоўцы. У аўторак у Бялградзе адбыліся адборавыя паядынкі ў чатырох вагавых катэгорыях у жанчын. Найбольш далёка па турнірнай сетцы сярод беларусак прасунулася Таццяна Паўлава, якая выступае ў вазе да 65 кг. У паўфінале Таццяна саступіла амерыканцы Мэйсі Кілці. Такім чынам, беларуска будзе змагацца за бронзавую ўзнагароду. Суперніца Паўлавай па медальнай сутычцы вызначыцца ў суцяшальным турніры.

Хакеісты менскага „Дынама” правядуць першы хатні матч у сезоне КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” сёння правядуць першы хатні паядынак у сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава згуляюць на „Менск-Арэне” пасля шасціматчавага выязнога турнэ, якое „зубры” пачалі з дзвюх перамог, а скончылі чатырма паразамі. Адкрываць першую хатнюю серыю сезона мінчане будуць паядынкам супраць „Лакаматыва”. Каманда з Яраслаўля з 10 ачкамі займае чацвёрты радок у Заходняй канферэнцыі, маючы тры вікторыі запар. „Зубры” ж набралі толькі 5 балаў і зараз размяшчаюцца на 9-й пазіцыі сярод 11 клубаў Захаду. У мінулым сезоне каманды згулялі паміж сабой чатыры разы і святкавалі па дзве перамогі.

Беларускае Радыё Рацыя