„Марка-ВДТУ” выйшла ў паўфінал Кубка Беларусі



Валейбалісты віцебскага „Марка-ВДТУ” выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі, абыграўшы ў двух матчах абухаўскі „Легіён” – 3:2, 3:2. У вырашальнай стадыі Кубка Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд, матчы якой запланаваны на 11-13 снежня, сустракаюцца салігорскі „Шахцёр” і гомельская „Энергія” ды сталічны „Будаўнік” з віцебскім – „Марка-ВДТУ”. Матчы пройдуць на менскай „Чыжоўка-Арэне”. Дзеючы ўладальнік ганаровага трафея – салігорскі „Шахцёр”, які перамагаў у Кубку ў снежні 2018  ў Гомелі і ў снежні 2019 ў Берасці.

Украіна прапусціла кур’ёзны гол і прайграла Польшчы

У таварыскім матчы зборная Польшчы перайграла зборную Украіны з лікам 2:0. На 13-й хвіліне Андрэй Ярмоленка не рэалізаваў пенальці, а на 41-й хвіліне ўкраінскі галкіпер Андрэй Лунін прапусціў кур’ёзны гол. Пасля доўгай перадачы з глыбіні поля Лунін неабачліва выйшаў з брамы і няўдала адыграў пры спробе ў дотык вынесці мяч за бакавую. У выніку мяч падхапіў Кшыштаф Пёнтэк і нанёс далёкі ўдар па пустой браме.  На 63-й хвіліне Якуб Модэр падвоіў перавагу палякаў. Зборная Польшчы выступае ў групе 1 лігі А Лігі нацый УЕФА і займае першае месца ў турнірнай табліцы групы. У бліжэйшы час каманда правядзе матчы групавога этапу турніру са зборнымі Італіі (15 лістапада) і Нідэрландаў (18 лістапада). Украінская зборная ўяўляе групу 4 лігі А ў Лізе нацый УЕФА і займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы групы. 14 лістапада падначаленыя Андрэя Шаўчэнкі згуляюць з нацыянальнай камандай Нямеччыны, а праз тры дні – са Швейцарыяй.

Зборная Францыі прайграла Фінляндыі ў таварыскім матчы

У таварыскім матчы зборная Францыі прымала нацыянальную каманду Фінляндыі. Сустрэча прайшла на стадыёне «Стад дэ Франс» і завяршылася нечаканай перамогай гасцей з лікам 2:0. Зборная Нідэрландаў прымала нацыянальную каманду Іспаніі. Гульня завяршылася нічыёй 1:1. На 18-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца зборнай Іспаніі Серхіа Каналес, для якога гэты гол стаў першым за нацыянальную каманду. У пачатку другога тайма, на 47-й хвіліне, гулец зборнай Нідэрландаў Доні ван дэ Бек зраўняў лік. Зборная Партугаліі разграміла зборную Андоры 7:0. Крышціяну Раналду забіў свой 102-і гол за зборную. Італія разграміла нацыянальную каманду Эстоніі 4:0, а зборная Нямеччыны мінімальна перамагла зборную Чэхіі 1:0.

Беларускія футбалісты згуляюць у гасцях з партугальцамі ў кваліфікацыі маладзёжнага ЧЕ

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі правядуць сёння чарговы адборавы матч першынства Еўропы 2021. Сёння беларусы ў паядынку восьмага тура 7-й кваліфікацыйнай групы згуляюць у Порціманэ з партугальскімі аднагодкамі. У першым матчы гэтых спаборніцтваў падначаленыя Сяргея Яромкі саступілі партугальцам ў Жодзіне з лікам 0:2. Пасля сённяшняй сустрэчы беларускія футбалісты адправяцца ў Алмерэ, дзе 15 лістапада завершаць адборавы цыкл матчам з лідарам групы камандай Нідэрландаў.

Рэнэ Фазэл і прэм’ер-міністр Латвіі выказалі занепакоенасць уплывам COVID-19 на падрыхтоўку да Чэмпіяната свету па хакею

Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш разам з прадстаўнікамі Латвійскай федэрацыі хакея правялі відэаканферэнцыю з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэлам. Бакі абмеркавалі пытанні арганізацыі чэмпіянату свету 2021, які павінны прыняць Менск і Рыга.

Падчас гутаркі кіраўнік урада Латвіі неаднаразова запэўніваў Фазэла ў сваёй падтрымцы Латвійскай федэрацыі хакея адносна арганізацыі чэмпіянату свету. Прэзідэнт федэрацыі падкрэсліў, што яго арганізацыя застаецца па-за палітыкай і спрабуе зрабіць усё магчымае, каб чэмпіянат свет прайшоў у Беларусі і Латвіі. Аднак Карыньш паказаў, што здольнасць забяспечыць бяспечныя ўмовы для гульцоў, удзельнікаў, СМІ, афіцыйных асобаў і заўзятараў з’яўляецца прыярытэтам, з чым Фазэл пагадзіўся.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя