Мархель пакінуў пасаду галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель пакінуў пасаду.
„Сёння, 5 красавіка, Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” і галоўны трэнер зборнай Беларусі прынялі ўзаемнае рашэнне аб скасаванні кантракта. АББФ дзякуе Міхаілу Мархелю за супрацоўніцтва і жадае поспехаў у далейшай кар’еры”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы федэрацыі.
Адстаўка адбылася праз шэсць дзён пасля паразы ад зборнай Бельгіі з лікам 0:8 у адборавым матчы чэмпіянату свету 2022 года. Гэтае паражэнне стала рэкордным за ўсю амаль 29-гадовую гісторыю беларускай нацыянальнай каманды.
У дзень сыходу Мархеля федэрацыя выступіла са зваротам да гледачоў, у якім адзначаецца, што на яе адрас „прыходзіць нямала лістоў, звязаных з апошнімі вынікамі нацыянальнай зборнай”. Аўтары „просяць звольніць галоўнага трэнера каманды”.
„Прызнаемся, поўнае паражэнне ў Бельгіі балюча ўдарыла і па работніках асацыяцыі — ад кіраўніцтва да шараговых супрацоўнікаў. Відавочна: менавіта паводле вынікаў нацыянальнай зборнай большасць людзей і судзіць пра развіццё віду спорту ў краіне. І такія гульні, як у Бельгіі, дрэнна адбіваюцца на іміджы беларускага футбола. Кожны дзень мы спрабуем развіваць гульню: павялічваем масавасць, паляпшаем інфраструктуру, рыхтуем трэнераў (ад дзіцячых да прафесіяналаў, здольных працаваць з элітнымі спартсменамі). Праводзім турніры, будуем палі, арганізоўваем семінары… Мы прызнаем: ёсць праблемы, ёсць што ўдасканальваць. Але немагчыма дамагчыся выніку за адзін сезон”, — падкрэсліваецца ў звароце.
У той жа час, на думку федэрацыі, зборная Бельгіі хоць і мацнейшая (першае месца ў сусветным рэйтынгу), „так прайграваць нельга”. „І вінаваты тут не толькі трэнер. Падзяліць адказнасць з Міхаілам Мархелем павінны і футбалісты. Пры гэтым цяпер больш важна аб’яднацца, а не шукаць вінаватых. Цяпер той матч — гісторыя. Мы абавязкова запомнім яго і зробім высновы, якія дапамогуць стаць мацнейшымі. І зборнай, і ўсяму беларускаму футболу”, — абяцае федэрацыя.
Пра адказнасць федэрацыі за разгромны вынік у звароце нічога не сказана.
Мархель кіраваў зборнай з 20 чэрвеня 2019 года. У верасні мінулага года быў удзельнікам патаемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, які, на сцвярджэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, атрымаў перамогу на жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбарах.
У кваліфікацыі ЧС-2022 беларуская і бельгійская зборныя ўваходзяць у групу Е разам з Эстоніяй, Чэхіяй і Уэльсам. Матч з Бельгіяй быў другім. У стартавым паядынку 27 сакавіка ў Менску каманда Мархеля перамагла Эстонію 4:2.
За ўсю гісторыю каманда Беларусі ні разу не выходзіла ў фінальную стадыю чэмпіянатаў свету і Еўропы. У кастрычніку мінулага года зборная пад кіраўніцтвам Мархеля згубіла шанец выйсці на ЧЕ-2020 праз Лігу нацый, прайграўшы ў паўфінале дывізіёна D грузінам.
Фота: Reuters