Марозава і Даніліна выйгралі парны разрад тэніснага турніру ў Гдыні



Беларуска Лідзія Марозава і казахстанская тэнісістка Ганна Даніліна сталі пераможцамі парнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у польскай Гдыні з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У фінальным матчы яны перайгралі ў двух партыях польска-ўкраінскі дуэт Катажына Піцер / Кацярына Бандарэнка – 6:3, 6:2. Для Лідзіі Марозавай гэта трэці чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай WTA.

Берасцейскае „Дынама” перамагло БАТЭ ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты барысаўскага БАТЭ саступілі на сваім полі берасцейскаму „Дынама” з лікам 0:2 у матчы 17-га тура чэмпіянату Беларусі. Абодва мяча берасцейцы забілі на працягу трох хвілін другога тайма – на 70-й хвіліне вызначыўся Павел Сядзько, а потым дакладны ўдар зрабіў Вадзім Мілюцін. У іншых гульняў 17-га тура: гарадзенскі „Нёман” дзякуючы голу Ягора Зубовіча абыграў „Слуцк” – 1:0, сталічнае „Дынама” было мацней за „Віцебск” – 3:1, дакладны ўдар Дзяніса Грэчыха прынёс перамогу берасцейскаму „Руху” над „Мінскам” – 1 :0, „Смаргонь” саступіла „Іслачы” (Менскі раён) – 1: 2.

Беларусы не кваліфікаваліся ў паўфіналы ў другі дзень алімпійскага турніру па плаванні

Беларускія спартоўцы Аліна Змушко і Мікіта Цмыг ня кваліфікаваліся ў паўфіналы ў другі дзень алімпійскага турніру. Аліна Змушко, якая выступала на дыстанцыі 100 м брасам, заняла 21-е месца. Мікіта Цмыг па выніках папярэдніх заплываў на 100 м на спіне спыніўся на 33-м месцы.

Амерыканскія баскетбалісты сенсацыйна прайгралі

На Алімпіядзе ў японскай сталіцы пачаўся баскетбольны турнір. Дзеючыя алімпійскія чэмпіёны баскетбалісты зборнай ЗША ў першым матчы папярэдняй групы А сенсацыйна прайгралі камандзе Францыі – 76:83. Гэта першая параза амерыканскіх баскетбалістаў на Алімпіядзе з 2004 года. Таксама на Алімпійскіх гульнях працягваецца мужчынскі футбольны турнір. Дзеючыя алімпійскія чэмпіёны футбалісты Бразіліі ў матчы другога тура папярэдняй групы D нечакана згулялі ўнічыю з камандай Кот-д’Івуара – 0:0. У іншым паядынку квартэта зборная Нямеччыны перамагла футбалістаў Саудаўскай Аравіі з лікам 3:2. У групе С футбалісты Іспаніі толькі ў канцы паядынку здолелі зламаць супраціў аўстралійцаў – на 81-й хвіліне адзіны гол забіў Мікель Оярсабаль – 1:0. Пасля трох дзён летняй Алімпіяды ў Токіо медалі выйгралі атлеты сарака краін. Лідыруе ў медальным заліку Кітай, які мае шэсць залатых, адзін срэбраны і чатыры бронзавыя медалі, другія – японцы, трэція – амерыканцы. Зборная Беларусі медалёў пакуль не мае. Бліжэй за ўсіх да подыўма была жаночая каманда па стральбе з лука, якая прайграла сустрэчу за бронзу.

Беларускае Радыё Рацыя