Марозава і Сасновіч прайгралі ў першым раўндзе парнага разраду US Open
Дзве беларускія тэнісісткі няўдала выступілі ў парным разрадзе адкрытага чэмпіянату ЗША, саступіўшы ў матчах першага круга. Беларуска Лідзія Марозава і прадстаўніца Германіі Юлія Лохаф ў 1/32 фіналу прайгралі ў двух сэтах польска-японскаму тандэму Аліцыя Расольска / Эры Хадзумі – 3:6, 3:6. Аляксандра Сасновіч і казахстанская тэнісістка Галіна Васкабоева саступілі расейска-амерыканскаму дуэту Вераніка Кудзерметава / Бетані Матэк-Сандс – 4:6, 6:7 (3:7).
Студэнткі БДУ занялі прызавыя месцы моладзевага ЧС па шашках-64
Студэнткі БДУ сталі пераможцамі і прызёрамі моладзевага чэмпіянату свету па шашках-64 і каманднага чэмпіянату свету сярод жанчын. Студэнтка трэцяга курсу факультэта міжнародных адносін Яна Якубовіч выйграла дзве праграмы чэмпіянату свету па шашках і стала чэмпіёнкай свету сярод дзяўчат да 26 гадоў у бліцы. Другое месца ў хуткіх шашках заняла студэнтка пятага курса біялагічнага факультэта Аляксандра Спірына. Яна таксама заняла другое месца ў класічнай праграме да 26 гадоў. Дзяўчыны па выніках каманднага заліку сталі чэмпіёнкамі свету.
Дарыё Калабарыч стаў гульцом „Шахцёра”
Славенскі нападнік Дарыё Калабарыч перайшоў у „Шахцёр”, паведамляе прэс-служба Салігорскі клуба. У мінулым сезоне ў чэмпіянаце Славеніі гулец правёў 37 матчаў, у якіх забіў 13 галоў і зрабіў 4 выніковыя перадачы. Таксама Дарыё з’яўляецца гульцом моладзевай зборнай Славеніі.
Галкіпер берасцейскага „Дынама” Раман Сцяпанаў выкліканы ў зборную Беларусі
Галкіпер берасцейскага „Дынама” Раман Сцяпанаў выкліканы ў зборную Беларусі, паведамляе „Беларускі футбол”. Пакуль 30-гадовы гулец не правёў ніводнага матча за нацыянальную каманду. У складзе „Дынама” Сцяпанаў ў гэтым сезоне выходзіў на поле ў 20 гульнях, у якіх прапусціў 20 мячоў. У сямі паядынках пакідаў вароты „сухімі”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя