Марсэль. Слёзы немцаў



У Марсэлі позна ўвечары ў чацвер вызначыўся другі фіналіст Еўра. Ім стала дружына гаспадароў турніра, якая адолела чэмпіёнаў свету.

Неверагодна, але факт – шляхі грандаў кантынентальнага футболу, якія раней часта секліся на мундыялях, яшчэ ніколі не перасякаліся на Еўра. Усяго ж у гісторыі было 27 спатканняў і агульны баланс быў на баку трохкаляровых. Праўда, бундэсманшафт часцей перамагала ў сама важных афіцыйных сустрэчах. А розніца мячоў была ўвогуле роўнай – 43:43.

Зборная Германіі пасля чвэрцьфінальнай бітвы з Італіяй зазнала сур’ёзныя кадравыя страты. Зусім выбыў з-за траўмы правераны форвард Марыё Гомес, які толькі стаў уваходзіць у смак гульні. Сур’ёзныя пашкоджанні атрымалі ў апошнім згаданым матчы хрыбетныя станочнікі Самі Хедзіра і Басцьян Швайнштайгер. А яшчэ выпаў з абоймы абаронец-універсал Матс Хумельс – у яго аказаліся дзве жоўтыя карткі. Усё гэта змусіла Яўхіма Лёва зрабіць шэраг стартавых заменаў. Швайні ў старце ўсё ж выйшаў, але яму бракавала фізічных кандыцый. У зборнай Францыі напярэдадні вырашальнага бою праблем было куды меней – нікога не дыскваліфікавалі, а здароўе турбавала толькі нападніка Аліўе Жыру – у яго балела калена.

Першая палова гульні мела досыць феерычны характар. Тон задалі французы: Антуан Грызман фінціў у стылі Крышціяну Раналду, Дзімітры Пает страляў са штрафных, праўда трэці форвард Жыру выглядаў затарможаным. Немцы падхапілі тэмп і спакваля завалодалі цэнтрам поля. Томас Мюллер быў наканечнікам іх дзіды, падключаўся часта ў атаку абаронец Жэром Баатэнг, актыўнічаў на правым фланзе яго калега Джошуа Кіміх, дэманстраваў класныя падкаты Бенедыкт Хёведэс. Выпадаў з ансамблю бундэсманшафт хіба Эмрэ Джан, пакліканы замяніць Хедзіру. Супернікі абменьваліся ўколамі, некалькі разоў адзначыліся эфектнымі сэйвамі галкіперы Мануэль Нойер і Уга Льёрыс. А маланка і сапраўдны гром ляснулі ў самым канцы тайма. Італійскі рэферы Нікола Рыццолі высмактаў пенальці з пальца Швайнштайгера, паказаўшы капітану немцаў яшчэ жоўтую картку. 11-мятровы па-майстэрску выканаў Грызман. Такім чынам на перапынак, пры тым што мячом валодалі куды больш чэмпіёны свету, выправіліся з перавагай трохкаляровых.

Пасля антракту “тэўтонскаму ордэну” нічога не заставалася як ісці наперад. Пры гэтым тылы змушана агаляліся. Фатальнасць нямецкай паразы стала відавочнай пасля таго, як на 60-й хвіліне зламаўся нават “жалезны дрывасек” Баатэнг. Яўхім Лёў кінуў у бой апошнія жывыя сілы, але ні Шкодран Мустафі, ні Марыё Гётцэ ўжо нічога не маглі зрабіць. Адзіная хіба за матч недарэчная памылка ў абароне, дакладней няўважлівасць, каштавала германцам яшчэ аднаго голу. Поль Пагба навесіў у штрафную, Нойер у палёце зняў мяч з галавы суперніка, але набегшы Грызман ткнуў яго міма немцаў у браму. Гэта быў ужо 6-ы гол форварда на гэтым Еўра. Так шмат, акрамя Мішэля Плаціні ў 1984-ым, на адным турніры не забіваў ніхто. Немцы па інерцыі яшчэ ішлі на штурм, але іхнае шчасце ў гэты дзень недзе заблукала. Гэта выразна падкрэсліў і неверагодны сэйв Льёрыса ўжо на 93-й хвіліне. Чэмпіёны свету не здолелі ўзяць яшчэ еўрапейскі тытул.

Францыя-Германія-2:0 (Антуан Грызман, 45, з пенальці, 72).

У фінальным паядынку 10 ліпеня ў нядзелю сустрэнуцца Францыя і Партугалія.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя