Мартэ Олсбю-Ройсэлан выйграла спрынт на этапе Кубка свету па біятлоне
Ірына Крыўко заняла 13-ю пазіцыю ў спрынце на чацвёртым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у нямецкім Оберхофе. Ірына адстала ад лідара гонкі на 1 хвіліну 44,6 секунды. Першы вынік паказала нарвежка Мартэ Олсбю-Ройсэлан, якая пераадолела дыстанцыю 7,5 км за 22 хвіліны 4,9 секунды. На другой пазіцыі размясцілася немка Дэніз Херман з адставаннем 33,1 секунды. Трэцяй стала францужанка Жулі Сымон. Астатнія беларускія біятланісткі размясціліся на наступных пазіцыях: Алена Кручынкіна стала 35-й, Ганна Сола – 54-й, Дынара Алімбекава размясцілася на 86-м месцы. Працягнуцца спаборніцтвы сёння спрынтам у мужчын.
Названы лепшыя лёгкаатлеты Беларусі 2019 года
Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі падвяла вынікі 2019 года і ўзнагародзіла лепшых спартоўцаў спецыяльнай прэміяй «Атлетыка». Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што ў гэты раз зрабіць выбар было складаней за ўсё. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Лепшымі лёгкаатлетамі мінулага года сярод дарослых спартоўцаў прызнаныя Таццяна Халадовіч (кіданне дзіды) і Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню), які таксама стаў лепшым у аналагічнай намінацыі сярод моладзі. Ўзнагароды атрымалі таксама лепшыя атлеты і трэнеры ў намінацыях «Юнакі», «Юніёры» і «Моладзь», вызначаны лепшыя суддзі сезона. Цырымонія ўручэння прэміі «Атлетыка» праводзілася ў шосты раз.
«Атлетыка» абыграў «Барселону» і выйшаў у фінал Суперкубка Іспаніі
У Саудаўскай Аравіі прайшоў другі паўфінальны матч Суперкубка Іспаніі «Барселона» – «Атлетыка». Фінальны свісток зафіксаваў перамогу мадрыдскай каманды з лікам 3:2. Аўтарам першага гола стаў паўабаронца «Атлетыка» Коке ў пачатку другога тайма. Праз пяць хвілін нападнік «Барселоны» Ліянэль Месі зраўняў лік. У сярэдзіне другой паловы форвард Антуан Грызман вывеў сіне-гранатавых наперад. У канцоўцы па адным мячы ў браму каталонцаў адправілі нападнікі «Атлетыка» Альвара Марата з пенальці і Анхель Карэа. У фінале Суперкубка Іспаніі «Атлетыка» сустрэнецца з мадрыдскім «Рэалам», які абыграў «Валенсію» з лікам 3:1. Матч адбудзецца 12 студзеня.
Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргея Вязовіча стаў 4-м на пятым этапе «Дакара»
Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча заняў 4-е месца на пятым этапе ралі «Дакар». Беларускі экіпаж адстаў ад лідара гонкі на 16 з паловай хвілін. Першым стаў экіпаж расейскай каманды «КАМАЗ-майстар», якім кіраваў Дзмітрыя Сотнікаў. На другой пазіцыі размясціліся яго таварышы па камандзе пад кіраўніцтвам Антона Шыбалава. У агульным заліку грузавікоў экіпаж Сяргея Вязовіча размяшчаецца на трэцяй пазіцыі. Лідыруе экіпаж расейскага «КАМАЗ-майстра» пад кіраўніцтвам Андрэя Каргінава.
Беларускае Радыё Рацыя