Мартэн Фуркад выйграў гонку пераследу ў Рупольдынгу
Французскі біятланіст Мартэн Фуркад выйграў гонку пераследу на этапе Кубка свету ў нямецкім Рупольдынгу.
Дыстанцыю 12,5 км французскі біятланіст пераадолеў за 31 хвіліну 26,8 секунды, не дапусціўшы ніводнага промаху на агнявых рубяжах. Другім да фінішу прыйшоў яго суайчыннік Кант Фіён Майі, саступіўшы Фуркаду 17 секунд і дапусціўшы адзін промах. Лепшы з беларусаў Раман Елетнаў заняў 27-ю пазіцыю ў выніковым пратаколе. Дапусціўшы тры промахі, ён прайграў Мартэну Фуркаду 2 хвіліны 48,6 секунды. У мужчынскім заліку Кубка свету пасля пяці этапаў лепшы з беларускіх страляючых лыжнікаў Раман Елетнаў, які займае 34-ю пазіцыю з 95-ю баламі. Лідарам з’яўляецца Мартэн Фуркад з Францыі – 507 пунктаў. У яго суайчынніка Канта Фіёна Майі – 436. Трэці нумар рэйтынгу таксама француз – Сымон Дэсцье. Беларуска Ірына Крыўко займае 18-е месца ў генеральнай класіфікацыі Кубка свету па біятлоне пасля пяці этапаў. На рахунку ураджэнкі Сянно 196 ачкоў. Што тычыцца астатніх беларускіх біятланістак, то Ганна Сола знаходзіцца на 45-й пазіцыі, Алена Кручынкіна – 51-я, а Дынара Алімбекава – 68-я. Лідыруе нарвежка Тырыль Экхаф. Следам у тройцы мацнейшых Даратэя Вірэр з Італіі і шведка Ханна Эберг.
Беларускія лёгкаатлеты выйгралі тры залатыя медалі на міжнародным турніры ў Латвіі
Беларускія лёгкаатлеты выйгралі тры залатыя медалі на міжнародным турніры „Кубак Кацярыны” у латвійскай Кулдзіге. Залатымі медалямі папоўнілі скарбонку беларускай зборнай Святлана і Віталь Парахонькі, а таксама Таццяна Шабанава. Бар’ерыстка Святлана Парахонька на 60-мятровай дыстанцыі двойчы палепшыла сваё персанальнае дасягненне, якое з гэтага часу роўнае 8,24 секунды. Яе муж Віталь таксама не ведаў сабе роўных у спаборніцтвах на аналагічнай дыстанцыі ў мужчын. Вырашальны забег ён прабег з часам 7,81 секунды. Таццяна Шабанава выйграла золата на дыстанцыі 1000 метраў, усталяваўшы асабістае дасягненне на адзнацы 2 хвіліны 42,88 секунды.
Каманда дывізіёна Баброва перамагла зборную дывізіёна Тарасава ў фінале Матчу зорак КХЛ
Каманда дывізіёна Баброва перамагла зборную дывізіёна Тарасава ў фінале Матчу зорак КХЛ з лікам 7:6 пасля серыі булітаў. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Кантынентальнай хакейнай лігі. Асноўны час матчу завяршыўся ўнічыю – 6:6, пераможны буліт закінуў Міка Лехтанен з „Йокерыта”. У складзе дружыны дывізіёна Тарасава выступалі беларусы: абаронца Ілля Шынкевіч з „Віцязя” і Вячаслаў Грэцкі з „Дынама-Мінск”.
Беларускія футбалісты перамаглі ўзбекаў на старце Кубка развіцця
Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі пераможна пачалі выступ у розыгрышы Кубка развіцця ў Менску. У стартавым матчы папярэдняй групы А падначаленыя Андрэя Скарабагацькі разграмілі аднагодкаў з Узбекістана з лікам 4:1. У складзе пераможцаў галы забілі Дзмітрый Латыхаў, Максім Кунскі, Кірыл Чарнаок і Кірыл Зіновіч. У другім туры 21 студзеня беларусы сустрэнуцца з камандай Фінляндыі, якая прайграла зборнай Бельгіі з лікам 1: 2.
Былы трэнер БАТЭ Аляксей Бага будзе працаваць у Літве
Аляксей Бага стаў галоўным трэнерам літоўскага «Жальгірыса» з Вільні, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Кантракт са спецыялістам заключаны на адзін год з магчымасцю падаўжэння. Таксама ў трэнерскі штаб увойдзе беларус Валерый Тарасенка, які працаваў раней з Багай. У мінулым сезоне 38-гадовы спецыяліст трэніраваў БАТЭ і не заваяваў з камандай ніводнага трафея. Таксама барысаўчане праваліліся ў Еўропе. Зрэшты, каманда пад яго кіраўніцтвам бадзёра пачала 2019 год, абыграўшы лонданскі «Арсенал» на «Барысаў-Арэне» ў плэй-оф Лігі Еўропы.
„Ліверпуль” „усухую” перамог „Манчэстэр Юнайтэд”
„Ліверпуль” абыграў „Манчэстэр Юнайтэд” у матчы 23-га тура чэмпіянату Англіі — 2:0 дзякуючы галам Ван Дэйка і Салаха. „Ліверпуль” лідыруе ў табліцы, апярэджваючы „Манчэстэр Сіці” на 16 балаў. „МЮ” ідзе пятым.
„Барселона” на хатняй арэне перамагла „Гранаду” ў матчы 20-га тура чэмпіянату Іспаніі з лікам 1:0. У першым матчы новага галоўнага трэнера каталонцаў Кікі Сэцьена адзіны мяч забіў зорны форвард Ліянэль Месі на 76-й хвіліне гульні. „Ювентус” на сваім полі абыграў „Парму” ў матчы 20-га тура чэмпіянату Італіі – 2:1. Дублем адзначыўся партугальскі нападніік Крышціяну Раналду.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя