Мартэн Фуркад выйграў гонку пераследу ў Кантыялахці



Французскі біятланіст Мартэн Фуркад перамог у гонцы пераследу на восьмым этапе Кубка свету па біятлоне ў Кантыялахці (Фінляндыя).

Дадзеная гонка стала апошнім стартам для пяціразовага алімпійскага чэмпіёна па біятлоне, які напярэдадні абвясціў пра завяршэнне кар’еры. На другой пазіцыі размясціўся яго сябар па камандзе Кантэ Фіён Мае. Трэцім стаў таксама француз Эмільен Жаклен. Сярод беларускіх спартоўцаў лепшы вынік паказаў Антон Смольскі – 14-е месца. Сяргей Бачарнікаў стаў 32-м, Раман Ялётнаў – 53-м.

У барацьбе за Вялікі хрустальны глобус нарвежац Ёханэс Бё выйграў у француза Мартэна Фуркада усяго два ачкі. Найлепшым з беларусаў у розыгрышы ганаровага трафея ў сезоне-2019/20 стаў Антон Смольскі, які заняў 36-е месца.

Фінальны этап Кубка Федэрацыі адкладзены

Фінальны этап розыгрышу Кубка Федэрацыі ў раней намечаныя тэрміны не адбудзецца. Такое рашэнне прынята Міжнароднай тэніснай федэрацыяй (ITF) у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Фінал жаночага каманднага чэмпіянату свету павінен быў прайсці ў Будапешце з 14 па 19 красавіка. Сярод яго 12 удзельнікаў і зборная Беларусі, якая ў кваліфікацыі перамагла каманду Нідэрландаў. Тэрміны правядзення фінальнай стадыі Fed Cup-2020 будуць вызначаны пазней.

Хакеісты „Шахцёра” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у паўфінальнай серыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта

Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у гасцявым паядынку з лікам 4:0. Такім чынам, пасля двух матчаў паўфінальнай серыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта ў дадзенай пары ўсталявалася роўнасць (1:1). 16 сакавіка каманды згуляюць у трэцім матчы серыі ў Салігорску. 15 сакавіка пройдзе трэці паядынак паўфінальнай серыі паміж „Дынама-Маладзечна” і менскім „Юнацтвам”. У двух матчах на „Чыжоўка-Арэне” маладэчанцы вялі ў ліку, але перамогу ў выніку святкавалі падапечныя Аляксандра Макрыцкага, якія вядуць у серыі з лікам 2:0.

БНТУ-БелАЗ заняў другое месца ў розыгрышы жаночай Балтыйскай лігі

У Коўне прайшоў заключны тур жаночай Балтыйскай лігі. У вырашальным матчы спаборніцтваў менскі БНТУ-БелАЗ саступіў украінскай „Галычанцы” – 30:34. Яшчэ адна беларуская каманда „Гараднічанка” заняла апошняе, 6-е, месца, паведамляе „Хуткі цэнтр”.

Фінскі „Йокерыт” адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў плэй-оф КХЛ

Фінскі клуб КХЛ „Йокерыт” адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў плэй-оф і зняўся з чэмпіянату з-за сітуацыі з каронавірусам. Каманда не будзе праводзіць матчы другога раунда з санкт-пецярбургскім СКА, паведамляе „Чэмпіянат”. „Йокерыт” у першым раўндзе плэй-оф абыграў яраслаўскі „Лакаматыў” – 4-2, а СКА выбіў з розыгрышу Кубка Гагарына падмаскоўны „Віцязь” – 4-0. Серыя СКА – „Йокерыт” павінна была пачацца 17 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eurosport.ru