Мартэн Фуркад выйграў індывідуальную гонку на Чэмпіянаце свету
Французскі біятланіст Мартэн Фуркад выйграў золата ў індывідуальнай гонцы чэмпіянату свету ў італьянскім Антхольцы. Француз пераадолеў дыстанцыю ў 20 км за 49 хвілін 43,1 секунды, дапусціўшы адзін промах на чацвёртым агнявым рубяжы. Другі вынік паказаў нарвежац Ёханэс Бё з двума промахамі і адставаннем у 57 секунд. Замкнуў тройку наймацнейшых аўстрыец Дамінік Ландэрцінгер. Лепшым з беларусаў стаў Антон Смольскі, які заняў 34-е месца. Раман Елетнаў апынуўся 53-м у выніковым пратаколе, Максім Верабей – 79-м, Сяргей Бачарнікаў – 81-м. Працягнецца планетарны форум у Антхольцы сёння змяшанай эстафетай. Завершацца спаборніцтвы 23 лютага мас-стартамі ў мужчын і жанчын.
«Тотэнхэм» прайграў у Лізе чэмпіёнаў «РБ Лейпцыгу», «Аталанта» разграміла «Валенсію»
Англійскі «Тотэнхэм» прайграў на хатняй арэне нямецкаму «РБ Лейпцыгу» у першым матчы 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Каманда Жазэ Маўрынью прапусціла адзіны гол на 58-й хвіліне, калі пенальці рэалізаваў форвард гасцей Ціма Вернэр. У другім матчы дня італьянская «Аталанта» разграміла іспанскую «Валенсію» – 4:1. Госці адказалі толькі дакладным ударам Дзяніса Черышэва. Матчы ў адказ гэтыя пары правядуць 10 сакавіка.
Арына Сабаленка абыграла Эліз Мёртэнс і выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Дубаі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка святкавала другую перамогу на турніры катэгорыі „Прэм’ер” у Дубаі. У паядынку 1/8 фіналу яна за паўтары гадзіны абыграла сваю партнёрку па парных спаборніцтвах бельгійскую тэнісістку Эліз Мёртэнс – 6:4, 6:3. У першым раундзе беларуска перамагла грачанку Марыю Сакару – 6:2, 4:6, 6:1.
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў французскім Марсэлі. У паядынку першага раўнда адзіночнага разраду беларус перамог аўстрыйскага тэнісіста Дэніса Новака – 7:6, 6:3. У матчы за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ягора Герасімава будзе бельгійскі тэнісіст Давід Гоф. Яшчэ адзін беларус Ілья Івашка прайграў у 1/16 фіналу харвату Марыну Чылічу – 6:3, 6:7, 4:6. У чвэрцьфінале парнага разраду беларуска-ізраільскі тандэм Андрэй Васілеўскі /Ёнатан Эрліх сустрэнецца з нідэрландска-харвацкім дуэтам Уэслі Колхаф / Нікола Мекціч.
Валейбалісткі „Мінчанкі” правядуць першы чвэрцьфінальны матч Кубка ЕКВ
Валейбалісткі „Мінчанкі” згуляюць на хатняй арэне з французскім „Валеро” у чвэрцьфінальным матчы Кубка ЕКВ. У папярэдняй стадыі розыгрышу другога па значнасці еўракубкавага трафея менчанкі двойчы перамаглі баснійскае „Адзінства” з Брчко. Першы з двух матчаў чвэрцьфіналу Кубка ЕКВ адбудзецца сёння ў 18.30 на пляцоўцы палаца спорту „Уручча”. Матч у Менску будзе трансляваць тэлеканал „Беларусь 5”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя