Мартынава выйграла срэбра і пуцёўку на Алімпіяду ў Токіа



Беларуска Марыя Мартынава выйграла срэбра чэмпіянату Еўропы па стральбе з малакалібернай зброі, які праходзіць у Італіі, а таксама стала ўладальніцай алімпійскай ліцэнзіі. Шчаслівым для беларускі стала практыкаванне МВ-4 сярод жанчын (стральба з малакалібернай вінтоўкі з 50 м з трох палажэнняў). У спаборніцтвах мужчын за Беларусь выступаюць Ілля Чаргейка, Віталь Бубновіч і Юрый Шчарбацэвіч (усе – вінтоўка). У спаборніцтвах жанчын выступаюць Марыя Мартынава, Святлана Шчарбацэвіч (абедзве – вінтоўка) і Вікторыя Чайка (пісталет).

Сазанавец заняла 11-е месца на сусветным форуме ў Тайландзе

Беларуска Дзіна Сазанавец, якая выступае ў вагавай катэгорыі 76 кг, заняла 11 месца на Чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Патае. Беларуска, якая выступала ў групе В, паказала вынік 221 кг (101 ў рыўку + 120 у штуршку) і займала другое прамежкавае месца. Аднак утрымацца на гэтай пазіцыі яна не змагла, апусціўшыся ў выніку на 11-ы радок у выніковым пратаколе. Залаты медаль у гэтым выглядзе праграмы дастаўся двухразовай алімпійскай чэмпіёнцы Лім Джон Сім з КНДР. Перамогу ёй прынесла сума 276 кг (124 + 152).

«Зубры» у авертайме прайгралі «тарпедаўцам» Ніжняга Ноўгарада

Хакеісты менскага «Дынама» ў першым матчы выязной серыі ў КХЛ саступілі ніжагародскаму «Тарпеда» ў дадатковы час 3:4. У складзе «зуброў» закінутымі шайбамі адзначыліся Пулкінен, Кавыршын і Парэ. На другой хвіліне дадатковага часу нападнік ніжагародцаў Антон Шэнфельд выкарыстаў выхад адзін на адзін і прынёс перамогу «Тарпеда». Пасля сустрэчы ў Ніжнім Ноўгарадзе менчукі адправіліся ў Чарапавец, дзе сёння сустрэнуцца з мясцовай «Северсталлю».

Мацярухін перайшоў у «Данбас»

Былы форвард менскага «Дынама» і «Магілёва» працягне кар’еру ў хакейным клубе «Данбас». 37-гадовы нападнік Аляксандр Мацярухін, трохразовы чэмпіён Беларусі і двухразовы ўладальнік Кубка Беларусі, выступаў за ўкраінскі клуб з 2011 па 2013 год, выйграўшы ў яго складзе чэмпіянат Украіны і Кантынентальны кубак. Калі «Данбас» выступаў у КХЛ, Мацярухін правёў у яго складзе сем матчаў без набраных ачкоў. У бягучым чэмпіянаце Украіны каманда ідзе на другім месцы, адстаючы пасля двух тураў на 2 ачкі ад «Кременчуга».

Герасімаў з перамогі стартаваў у Чэнду

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры ў кітайскім Чэнду. У 1/16 фіналу беларус перайграў у трохсэтавым паядынку кітайскага тэнісіста Чжэ Лі – 4:6, 6:2, 6:3. Наступным супернікам Ягора Герасімава будзе амерыканец Джон Ізнэр, пасеяны на гэтых спаборніцтвах пад першым нумарам.

На жаночым турніры ў кітайскім Ухані беларуска Аляксандра Сасновіч і амерыканка Сафія Кенін выйшлі ў 1/8 фіналу парнага разраду, перамогшы аўстралійска-расейскі дуэт Айла Тамлянавіч / Дарʼя Касаткіна – 7:6 (7:5), 6:3.

Амялюсік не трапіла ў прызёры ў Ёркшыры

Беларуска Алёна Амялюсік заняла 9-е месца ў гонцы з раздзельным стартам у жанчын на чэмпіянаце свету па шасэйных велагонках у брытанскім Ёркшыры. Амялюсік на высокім узроўні правяла гонку і да старту галоўных фаварытаў у дадзеным відзе праграмы знаходзілася ў лідзіруючай групе. Аднак у выніку беларуска стала дзявятай, саступіўшы больш за 3 хвіліны пераможцы Хлоэ Дзігерт з ЗША.

Менску не далі правесці Суперкубак УЕФА

Расейскі Санкт-Пецярбург прыме фінальны матч футбольнай Лігі чэмпіёнаў сезона 2020/21, які адбудзецца на «Газпром Арэне». Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні выканкама Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) у славенскай Любляне. Услед за Санкт-Пецярбургам ў 2022 годзе фінал Лігі чэмпіёнаў адбудзецца ў Мюнхене на «Альянц-Арэне», а ў 2023 годзе вырашальны паядынак пройдзе ў Лондане на «Уэмблі». Фінальны матч Лігі Еўропы сезона 2020/21 адбудзецца ў Севільі на стадыёне «Рамон Санчэс Пісхуан».

Матч за Суперкубак УЕФА ў 2021 годзе пройдзе ў Белфасце на стадыёне «Віндзар Парк». Адным з прэтэндэнтаў на правядзенне гэтага паядынку быў Менск.

Беларускае Радыё Рацыя