Мартыновіч адмовіўся пераходзіць у „Зеніт”



Кіраўніцтва „Зеніта” перад стартам бягучага сезона спрабавала перавабіць у свае шэрагі 31-гадовага беларускага цэнтральнага абаронцу і капітана „Краснадара” Аляксандра Мартыновіча. З дапамогай Мартыновіча чэмпіёны Расеі разлічвалі ўмацаваць цэнтр абароны і пазбегнуць павелічэння колькасці легіянераў, так як гульцы з Беларусі больш не лічацца замежнікамі ў прэм’ер-лізе. Нагадаем, Мартыновіч выступае за „Краснадар” з 2010 года. Кантракт абаронцы з „быкамі” разлічаны да 2021 года з магчымасцю падаўжэнне яшчэ на адзін сезон.

Кіеўскае «Дынама» і «Шахцёр» перамаглі ў чэмпіянаце Украіны

Завяршыліся тры матчы першага тура чэмпіянату Украіны па футболе. Кіеўскае „Дынама”, якое ўзначальвае беларус Аляксандр Хацкевіч, справілася ў гасцях з „Карпатамі” 0: 2. Адзначым, у заяўцы львоўскага клуба не апынулася беларускага паўабаронцы Кірыла Кірыленкі. Данецкі «Шахцёр» упэўнена абыграў на выездзе «Александрыю» 1: 3.

Беларусы згулялі ўнічыю з чэхамі ў хакей на траве

Мужчынская зборная Беларусі па хакеі на траве згуляла ўнічыю з Чэхіяй з лікам 1: 1 на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне В у Францыі. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў канцы матчу. На 52-й хвіліне Яўген Міхейчык вывеў беларусаў наперад, але праз пяць хвілін Марцін Земан зраўняў лік на табло. У іншай сустрэчы другога тура ў групе В Польшча саступіла Францыі – 1: 2. Беларусы пакуль набралі толькі адно ачко і займаюць трэцяе месца ў сваё групе ўслед за французамі і палякамі.

Залаты медаль Грышына застанецца ў Беларусі

Бобі Лівінгстан, выканаўчы віцэ-прэзідэнт кампаніі RR Auctions, якая праводзіла аўкцыён па продажы алімпійскіх узнагарод Аляксея Грышына, паведаміў, што залаты медаль фрыстайліста застанецца ў «калекцыянера з Беларусі». «Усе бакі можна лічыць пераможцамі», – прыводзіць словы Лівінгстана Inside The Games.

На запыт TUT.BY пра тое, хто ж менавіта купіў залаты медаль Грышына за больш чым 68 тысяч даляраў, у аўкцыёне адказалі, што «ён пажадаў застацца невядомым». Пакупнік бронзавага медаля фрыстайліста таксама ананім, «але гэта ўжо іншы чалавек», як сказалі арганізатары, не ўдакладніўшы, з Беларусі ён ці не. Нагадаем, што Аляксей Грышын выставіў на аўкцыён свае алімпійскія медалі, каб дапамагчы блізкаму чалавеку, які мае патрэбу ў аперацыі.

Беларускае Радыё Рацыя