Марына Арзамасава – чэмпіёнка свету!
Беларуская бягуння Марына Арзамасава перамагла ў Пекіне на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы на дыстанцыі 800 метраў. У фінальным забегу вучаніца вядомай Наталлі Духновай абрала тактыку атакі, якая не падвяла. Ужо метраў за 200 да фінішу Арзамасава спуртавала і выйшла наперад. На фінішным адрэзку канадыйка Бішап, здавалася, яе апярэдзіць, але апошнія дзесяткі метраў беларуска яшчэ раз паскорылася і выйграла залаты медаль з вынікам 1 хвіліна 58,03 секунды.
Гэта вышэйшае дасягненне ў кар’еры Марыны Арзамасавай. У 2014-ым годзе ў Цюрыху (Швайцарыя) яна станавілася чэмпіёнкай Еўропы. У 2013-ым у шведскім Гётэборгу – бронзавай прызёркай кантынентальнага першынства ў залях. У 2014-ым у польскім Сопаце таксама бронзавай прызёркай чэмпіяната Еўропы ў залях.
Беларускае Радыё Рацыя