Рутэнка напісаў заяву пра звальненне з пасады намесніка старшыні БФГ з-за канфлікту
Беларуска Марыя Мартынава на II Еўрапейскіх гульнях заняла шостае месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы на дыстанцыі 10 м. У фінале спаборніцтваў Марыя паказала вынік 163,2 ачка. Першае месца заняла Лаўра-Геаргета Коман з Румыніі. Другая пазіцыя ў прадстаўніцы Швейцарыі Ніны Крыстэн. Трэцяе месца ў Ніколы Мазуравай з Чэхіі
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе 3х3 стала першым удзельнікам паўфінальнай стадыі II Еўрапейскіх гульняў. Сёння ў першым чвэрцьфінальным паядынку беларускі перайгралі суперніц з Нідэрландаў з лікам 15:11. У паўфінале беларускія баскетбалісткі сустрэнуцца з пераможцам матчу Эстонія – Чэхія.
Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе таксама прабілася ў паўфінал Еўрапейскіх гульняў. У чвэрцьфінальным супрацьстаянні з адным з галоўных фаварытаў турніру – камандай Сербіі беларусы здолелі выйграць з лікам 19:15. У паўфінале беларускія баскетбалісты згуляюць з пераможцам сустрэчы Латвія-Францыя.
Філіп Павукоў стаў срэбным прызёрам
Беларус Філіп Павукоў стаў срэбным прызёрам на этапе Кубка свету па акадэмічным веславанні ў Познані. У фінале лодак-адзіночак беларускі спартовец здолеў апярэдзіць на фінішы Анхеля Радрыгеса Фурнье з Кубы. Першае месца заняў датчанін Сверэ Нільсэн.
Беларус Іван Маеўскі правёў за „Астану” соты матч
У мінулым туры чэмпіянату Казахстана „Ордабасы” абыграў „Астану”. Гэты паядынак стаў 100-м для беларускага паўабаронцы Івана Маеўскага ў футболцы „Астаны”. Футбаліст выступае ў складзе каманды з 2016 года. За свае 100 гульняў беларус забіў шэсць галоў і аддаў тры галявыя перадачы.
Рутэнка напісаў заяву аб сыходзе з пасады намесніка старшыні БФГ з-за канфлікту з Канаплёвым
Паводле інфармацыі Tribuna.com, Сяргей Рутэнка напісаў заяву аб сыходзе з пасады намесніка старшыні БФГ. Гэта адбылося пасля публічнага канфлікту з Уладзімірам Канаплёвым падчас выканкама БФГ 21 чэрвеня. Рутэнка выказаўся супраць адмены ліміту на легіянераў у чэмпіянаце Беларусі. Бакі на працягу некалькіх хвілін у досыць рэзкай форме выказалі аргументы адзін аднаму. На галасаванні Рутэнка стаў адзіным, хто прагаласаваў супраць. Астатнія члены выканкама, у тым ліку галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў, прагаласавалі за.
Сяргей Яромка можа ўзначаліць моладзевую зборную Беларусі
Вялікая верагоднасць, што моладзевую зборную Беларусі (U-21) ўзначаліць галоўны трэнер „Гарадзеі” Сяргей Яромка. Па звестках Pressball.by, у гэтым выпадку пераемнікам спецыяліста ў Гарадзейскай камандзе стане яго цяперашні асістэнт Алег Радушка. Пасада настаўніка „маладзёжкі” вызвалілася пасля таго, як Міхаіл Мархель быў прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя