Марыя Жодзік заваявала алімпійскую ліцэнзію
На чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы, які працягваецца ў Менску, скакуха ў вышыню Марыя Жодзік выканала кваліфікацыйны нарматыў на Гульні ў Токіо. Спартоўка паказала вынік 1 м 96 см. Гэта яе асабісты рэкорд.
Ён дазволіў Марыі акрамя алімпійскай ліцэнзіі заваяваць срэбраны медаль турніру. Першынствавала Карына Демідзік. Яна таксама паказала той жа вынік, паўтарыўшы свой лепшы скачок у гэтым сезоне, аднак абыйшла Марыю Жодзік па дадатковых паказчыках.
Баксёр Уладзіслаў Смяглікаў атрымаў права выступіць на Алімпіядзе ў Токіо
Беларускі баксёр Уладзіслаў Смяглікаў атрымаў права выступіць на Алімпіядзе ў Токіо. Былі размеркаваны заключныя квоты на Алімпіяду ў сталіцы Японіі, паводле рэйтынгу Boxing Task Force. Па адной пуцёўцы на Гульні ў кожнай вагавой катэгорыі для кожнага кантынента.
У вазе 91 кг права ўдзельнічаць у Алімпіядзе атрымаў Уладзіслаў Смяглікаў. Такім чынам, на галоўных стартах чатырохгоддзя ў Токіо выступяць чацвёра беларускіх баксёраў. Раней на кваліфікацыйным турніры ў Парыжы права выступіць на Гульнях заваявалі Дзмітрый Асанаў у вазе 63 кг, Аляксандр Радзівонаў у вазе 69 кг і Віталь Бандарэнка ў вазе 75 кг.
Беларускія тэнісісты даведаліся супернікаў на старце Уімблдона
У Лондане адбылося лёсаванне стартавага раўнду Уімблдонскага тэніснага турніру. У жаночым адзіночным разрадзе чацвёртая ракетка свету Арына Сабаленка згуляе ў 1/64 фіналу з румынкай Монікай Нікулеску. Вікторыя Азаранка сустрэнецца з украінскай тэнісісткай Кацярынай Казловай. Аляксандра Сасновіч будзе супернічаць са славутай амерыканскай тэнісісткай Серэнай Уільямс, якая сем разоў выйгравала Уімблдон. Вольга Гаварцова згуляе з яшчэ адной амерыканкай Кока Вандэвеге. У мужчынскім адзіночным разрадзе Ягор Герасімаў пачне Уімблдон сустрэчай з брытанскім тэнісістам Джэем Кларкам. Супернікам Іллі Івашкі будзе іспанец Хауме Муньяр.
Сталі вядомыя супернікі беларускіх валейбольных клубаў у еўракубках
Сталі вядомыя супернікі беларускіх валейбольных клубаў у еўракубках. Цырымонія лёсавання прайшла ў Люксембургу. У мужчынскай Лізе чэмпіёнаў ЕКВ Беларусь прадставіць салігорскі „Шахцёр”, які пачне выступ з кваліфікацыі, дзе будзе змагацца з лонданскай „Палоніяй”, заснаванай польскімі эмігрантамі.
У жаночай Лізе чэмпіёнаў Беларусь будзе прадстаўляць „Мінчанка”. Супернік беларускай каманды па другім раўндзе кваліфікацыі вызначыцца ў суперніцтве грэцкага „Алімпіякаса” і бельгійскага „Астэрыкс АВО Беверэн”. Супернікам менскага „Будаўніка” у Кубку выкліку ЕКВ будзе швейцарская „Лазана”.
Берасцейскае „Дынама” прыме „Вікторыю” ў Батумі
Месцам правядзення хатняга матчу футбалістаў берасцейскага „Дынама” з чэшскай „Вікторыяй” у рамках 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый стане грузінскі Батумі. Рашэнне аб пераносе гульні з Берасця на нейтральнае поле было прынята УЕФА. У выпадку аднаўлення прамых чартараў еўрапейскіх авіякампаній у Беларусь УЕФА дапускае правядзенне матчу ў адказ у Берасці.
«Тарпеда-БелАЗ» свой хатні матч у рамках 2-га раўнду Лігі канферэнцый супраь дацкага «Капенгагена» з вялікай доляй верагоднасці згуляе ў расейскай Казані. Салігорскі «Шахцёр» разглядае магчымасць правядзення хатняга матчу Лігі чэмпіёнаў з чэшскім «Лудагорцам» у Калінінградзе. Раней паведамлялася, што хатні матч салігорцы правядуць у сербскай сталіцы Бялградзе.
Зборная Беларусі па пляжным футболе выйшла ў фінал чэмпіянату свету
Зборная Беларусі па пляжным футболе другі раз запар прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. У чвэрцьфінальным паядынку кваліфікацыі сусветнага першынства ў партугальскім Назарэ падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада святкавалі валявую вікторыю над камандай Нямеччыны 5:1 – у беларускай зборнай дублем адзначыўся Іван Канстанцінаў. У папярэднім кваліфікацыйным раўндзе беларусы занялі першае месца ў групе С, перамогшы супернікаў з Польшчы – 8:2, Нарвегіі – 9:2 і Іспаніі – 4:3.
Фінальная стадыя планетарнага форуму з удзелам 16 лепшых зборных з усіх кантынентаў пройдзе ў расейскай сталіцы з 19 па 29 жніўня.
Сёння стартуе плэй-оф Еўра-2020
Сёння стартуе плэй-оф чэмпіянату Еўропы-2020 па футболе. Зборная Ўэльса сустрэнецца з камандай Даніі.
Матч адбудзецца ў Амстэрдаме і пачнецца ў 19:00 па беларускім часе. А ў 22 гадзіны заўзятары змогуць убачыць матч паміж камандамі Італіі і Аўстрыі. Гэтая гульня пройдзе на ангельскім стадыёне «Уэмблі».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ctv.by