Маскоўскі „Лакаматыў” саступіў „Баварыі” ў Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты маскоўскага „Лакаматыва” саступілі мюнхенскай „Баварыі” з лікам 1: 2 у другім туры Лігі чэмпіёнаў. На 13-й хвіліне эфектную атаку дакладным ударам завяршыў Леон Гарэцка. У другім тайме гаспадары сталі дзейнічаць больш актыўна і на 70-й хвіліне сустрэчы Антон Міранчук аднавіў парытэт. Прапусціўшы мяч, баварцы зноў пайшлі наперад, правялі некалькі небяспечных нападаў, у адным з якіх Йозуа Кіміт на 79-й хвіліне забіў пераможны гол. Беларускі форвард „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч выйшаў на замену на 89-й хвіліне сустрэчы. У групе В чэмпіён Украіны данецкі „Шахцёр” у Кіеве згуляў унічыю з італьянскім „Інтэрам” — 0:0. У іншых матчах мёнхенгладбахская „Барусія'” і мадрыдскі «Рэал» згулялі ўнічыю з лікам 2:2. Сустрэча адбылася ў Мёнхенгладбасе. Лік быў адкрыты ў першым тайме – на 33-й хвіліне аўтарам забітага мяча стаў Марку Цюрам. На 58-й хвіліне нямецкі клуб павялічыў разрыў у ліку дзякуючы дублю Цюрама. На 87-й хвіліне разрыў скараціў Карым Бензема з перадачы Каземіра. У кампенсаваны час «Рэал» выратаваў ад паразы Каземіро з паса Серхіа Рамаса. Мадрыдскі «Атлетыка» вырваў перамогу ў «Рэд Бул Зальцбург» 3:2. Сустрэча «Аталанты» і «Аякса» завяршылася ўнічыю 2:2. «Марсэль» прайграў «Манчэстар Сіці» з лікам 0:3. «Порту» абыграў «Алімпіякас» з лікам 2:0. «Ліверпуль» абыграў дацкі «Мідт’юлан» 2:0.
Беларускія футбалісткі прайгралі камандзе Паўночнай Ірландыі ў кваліфікацыі ЧЕ
Футбалісткі зборнай Беларусі прайгралі камандзе Паўночнай Ірландыі з лікам 0:1 у адборавым матчы чэмпіянату Еўропы. У першым тайме сустрэчы на поле мінскага стадыёна „Дынама” невялікая перавага была на баку гасцей, хоць на 27-й хвіліне яны засталіся ў меншасці пасля выдалення галкіпера Жаклін Бёрнс. Аднак беларускі не змаглі скарыстаць колькасную перавагу, больш за тое – незадоўга да перапынку яны апынуліся ў ролі даганяючых: пасля кутавога ўдару гол у браму Кацярыны Міклашэвіч забіла Рейчэл Фернэс. У другой палове гульні падначаленыя Юрыя Малеева прыклалі нямала намаганняў, каб адыграцца, стварылі некалькі небяспечных сітуацый каля брамы суперніц, але поспеху так і не дамагліся.
Мархель назваў склад футбольнай зборнай Беларусі на бліжэйшыя матчы
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель назваў папярэдні склад каманды на бліжэйшыя матчы. У пашыраны спіс уключаныя 33 гульца, у тым ліку брамнік берасцейскага «Дынама» Сяргей Ігнатовіч, яго аднаклубнікі – абаронцы Аляксандр Паўлавец, Раман Юзэпчук і Кірыл Печэнін і нападнік Дзяніс Лапцеў, а таксама абаронца гарадзенскага «Нёмана» Аляксей Лягчылін.
Канчатковы склад з 23 гульцоў будзе вызначаны 2 лістапада.
Каманда збярэцца 9 лістапада ў Менску і будзе трэніравацца на комплексе футбольных палёў асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” у Вяснянцы. Затым беларускія футбалісты адправяцца ў Плоешць, дзе 11 лістапада правядуць таварыскі матч з камандай Румыніі. Пасля гэтага беларусам трэба будзе згуляць два заключныя паядынкі групавога этапу Лігі нацый УЕФА: 15 лістапада ў Менску супраць зборнай Літвы, і 18 лістапада ў гасцях у футбалістаў Албаніі.
Алег Дулуб у ліку прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнера „Львова”
Украінскі „Львоў”, па выніках сёмага тура УПЛ пакінуты без галоўнага трэнера, і ў хуткім часе можа абвясціць імя новага настаўніка. Паводле інфармацыі Meta-ratings.com.ua, да 28 кастрычніка клубнае кіраўніцтва мае намер вызначыцца, хто ўзначаліць „Львоў” пасля адстаўкі грузінскага спецыяліста Георгія Цэцадзе. Па версіі рэсурсу, разглядаюцца некалькі трэнераў, сярод якіх кандыдатуры беларускага спецыяліста Алега Дулуба, вядомага ва Украіне па працы ў „Карпатах” і „Чарнаморцы”, а таксама былога трэнера кіеўскага „Дынама” Алега Лужнага. У восьмым туры чэмпіянату Украіны „Львоў« 1 лістапада сустрэнецца з адным з лідэраў нацыянальнага першынства — „Ворсклай”.
Арцём Мілеўскі хоча скончыць кар’еру ва Украіне
Экс-нападнік кіеўскага „Дынама” Арцём Мілеўскі, які выступае цяпер за берасцейскае „Дынама”, мае намер вярнуцца ва ўкраінскі футбол, – паведаміў вядомы ўкраінскі журналіст і тэлевядоўца Ігар Цыганік.
Па яго словах, ён размаўляў і з Мілеўскім, і з яго агентам. «Так, у іх ёсць прапановы ад клуба з чэмпіянату Кіпра, але гэта не „Пафас”, а каманда, якая знаходзіцца вышэй у турнірнай табліцы. Пры гэтым Мілеўскі хоча скончыць кар’еру ва Украіне, і цяпер яго агент заняты пошукамі адпаведных варыянтаў, каб Арцём мог яшчэ пагуляць у нас. Сам Мілеўскі нічога не захацеў каментаваць публічна, але пацвердзіў, што яго прыярытэт – Украіна, і тое, што ў яго ёсць прапанова з Кіпра, – цытуе dynamo.kiev.ua Цыганіка. У студзені Арцёму Мілеўскаму споўніцца 36 гадоў. Ва Украіне ён выступаў толькі за адзін клуб – кіеўскае „Дынама”, якое пакінуў у 2013 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя