Маскоўскі „Спартак” згуляў унічыю з „Ліверпулем”
На футбольных арэнах Старога Свету напярэдадні адбыліся першыя паядынкі другога тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў.
Расейскі чэмпіён маскоўскі „Спартак” на сваім полі згуляў унічыю з англійскім „Ліверпулем” – 1:1. На працягу ўсёй сустрэчы госці мелі істотную перавагу, але апынуліся ў ролі даганяючых на 23-й мінуце, калі Фернанда выдатна выканаў штрафны ўдар. Не прайшло і 10 мінут, як Каўтынья аднавіў раўнавагу ў ліку. У астатні гульнявы час каманда Юргена Клопа стварыла масу галявых момантаў, але мяч у вароты спартакаўцаў так і не трапіў. У іншым матчы групы Е іспанская „Севілья” разграміла ў сябе дома славенскі „Марыбар” з лікам 3:0. Турнірнае становішча пасля двух гульнявых дзён: „Севілья” – 4 ачкі (розніца мячоў – 5:2), „Ліверпуль” – 2 (3-3), „Спартак” – 2 (2-2), „Марыбар” – 1 (1-4).
У групе F чэмпіён Украіны данецкі „Шахцёр”, выступаючы ў гасцях у аднаго з лідараў англійскай прэм’ер-лігі „Манчэстэр Сіці”, уступіў з лікам 0:2. Італьянскі „Напалі” на сваім полі абыграў галандскі „Феенаорд” з Ратэрдама 3:1. Турнірнае становішча: „Манчэстэр Сіці” – 6 (6-0), „Напалі” – 3 (4-3), „Шахцёр” – 3 (2-3), „Феенаорд” – 0 (1-7).
Дзеючы ўладальнік Кубка чэмпіёнаў мадрыдскі „Рэал” сустракаўся ў Дортмундзе з лідарам нямецкай бундэслігі „Барусіяй” і ўпэўнена перамог – 3:1. Яшчэ ў адным паядынку групы Н кіпрскі АПАЭЛ у Нікасіі буйна прайграў англійскаму „Тотэнхэму” – 0:3. Хет-трык аформіў Хары Кейн. Турнірнае становішча: „Рэал” – 6 (6-1), „Тотэнхэм” – 6 (6-1), „Барусія” – 0 (2-6), АПАЭЛ – 0 (0-6).
У квартэце G турэцкі „Бешыкташ” у Стамбуле перайграў германскі „Лейпцыг” з лікам 2:0, футбалісты „Манака” на сваім полі ўступілі партугальскаму „Порту” – 0:3. Турнірнае становішча: „Бешыкташ” – 6 (5-1), „Порту” – 3 (4-3),”Лейпцыг” – 1 (1-3), „Манака” – 1 (1-4).
Яшчэ ў чатырох групах сустрэчы другога тура пройдуць сёння, 27 верасня, вечарам:
А – ЦСКА (Масква, Расея) – „Манчэстэр Юнайтэд” (Англія), „Базель” (Швейцарыя) – „Бенфіка” (Лісабон, Партугалія).
В – „Пары Сен-Жэрмен” (Францыя) – „Баварыя” (Мюнхен, Германія), „Андэрлехт” (Брусель, Бельгія) – „Селтык” (Глазга, Шатландыя).
С – „Карабах” (Агдам, Азербайджан) – „Рома” (Італія), „Атлетыка” (Мадрыд, Іспанія) – „Чэлсі” (Лондан, Англія).
D – „Спортынг” (Лісабон, Партугалія) – „Барселона” (Іспанія), „Ювентус” (Турын, Італія) – „Алімпіякос” (Пірэй, Грэцыя).