Матч паміж „Віцебскам” і берасцейскім „Дынама” пройдзе ў Віцебску



Паядынак 5-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж „Віцебскам” і берасцейскім „Дынама” пройдзе, як і было запланавана, на хатнім стадыёне віцебскай каманды.

Сустрэча адбудзецца 18 красавіка і пачнецца ў 18.00, паведамляе афіцыйная старонка клуба Вконтакте. Папярэдні хатні матч „Віцебска” быў згуляны ў Барысаве.

Перанос такійскай Алімпіяды будзе каштаваць каля $2,7 млрд

Агульны кошт пераносу такійскіх летніх Алімпійскіх гульняў складзе прыкладна $2,7 млрд. Раней планавалася, што на арганізацыю Алімпіяды-2020 будзе выдаткавана каля $12,6 млрд. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах. У цяперашні час 72 беларускія атлеты, якія прадстаўляюць 15 відаў спорту, выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, якія даюць права выступіць на Алімпіядзе ў Токіо. Пакуль адборавыя турніры да Гульняў прыпыненыя ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19.

„Галатасарай” прапанаваў кантракт Марыё Балатэлі

Футбаліст зборнай Італіі Марыё Балатэлі, які выступае за італьянскую „Брэшыю”, можа працягнуць кар’еру ў турэцкім „Галатасараі”. Клуб ужо ўступіў у перамовы з агентам 29-гадовага гульца Міна Раёлам і прапанаваў кантракт тэрмінам на два гады з магчымасцю падаўжэння яшчэ на сезон. Здзелка павінна адбыцца гэтым летам. Балатэлі перайшоў у „Брэшыю” перад пачаткам цяперашняга сезону на правах вольнага агента, падпісаўшы кантракт на адзін год. У цяперашнім сезоне форвард правёў 19 афіцыйных матчаў, у якіх забіў пяць мячоў.

Гуркоў пра парад на 9 Траўня: «Лепш зараз дапамагчы медыкам»

Шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Віталь Гуркоў падзяліўся меркаваннем наконт мэтазгоднасці правядзення парада на 9 Траўня падчас пандэміі каронавіруса.

«Парад на 9 Траўня? Зараз не самы зручны час для масавых мерапрыемстваў. Для эканомікі парад таксама не самая лепшая задума. Ёсць маса іншых рэчаў, куды варта выдаткаваць гэтыя сродкі. Найлепш у дадзены момант дапамагчы медыкам», – сказаў Гуркоў.

Фота ФК «Віцебск»