Матч праз 84 гады: WKS 42 PP (Беласток) – WKS (Гародня)
У рамках Польскай футбольнай рэтра-лігі ў Беластоку адбыўся матч-рэканструкцыя паміж былымі зацятымі супернікамі з WKS (Беласток) і WKS (Гародня).
Адметна тое, што апошні раз каманды сустракаліся аж ў сезоне 1938 годза, які стаў для дружыны з Гародні чэмпіёнскім у Беластоцкім футбольным дывізіёне. Футбольная рэтра-ліга міжваеннага перыяду была адроджаная ў Польшчы ў 2019 годзе. У гэтым сезоне ў лізе грае 8 камандаў, у тым ліку, акрамя ўласна польскіх, таксама рэтра-каманды Гародні ды Львова. Расказвае дырэктар Рэтра-лігі – Пётр Марціняк:
-Гэта першы матч – дэбют дружыны WKS з Гародні перад публікай. Усе мы выступаем у колерах клубаў, якія існавалі ў межах Польшчы. Гэта такая цікавая лекцыя па гісторыі для гледачоў. Мяч выглядаў іначай, іначай выглядаў футбаліст.
Унікальнасць гэтага матча была яшчэ і ў тым, што ў кашулі адроджанага WKS з Гародні ўпершыню выйшаў на поле гарадзенец – журналіст, краязнаўца, гісторык гарадзенскага футбола Руслан Кулевіч:
-Я планаваў зрабіць такі клуб у Гародні, але нашым уладам гэта было не патрэбна. І вось мой дэбют – у Польшчы, у Беластоку, у выгнанні. Я думаю, што калі-небудзь гэтая каманда прыедзе ў Гародню і мы згуляем на нашым гарадзенскім стадыёне. І запросім WKS (Беласток). Бо гэтыя дружыны апошні раз сустракаліся ў Гародні за год да пачатку ІІ Сусветнай вайны. Для нас гэта гісторыя. І для Польшчы гэта гісторыя.
Наступная гульня рэтра-лігі ў Беластоку адбудзецца на гарадскім стадыёне 7 чэрвеня, дзе ў беластоцкім дэрбі сустрэнуцца ўжо вышэйзгаданы WKS і каманда Strzelec.
-
All-focus
-
All-focus


Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
