„Матч ТВ” і „Sport 1” пакажуць у прамым эфіры матчы 1/2 фіналу Кубка Беларусі



Тэлеканалы „Беларусь 5”, „Яснае ТВ”, „Матч ТВ” (Расея) і „Sport 1” (Украіна) пакажуць у прамым эфіры матчы 1/2 фіналу Кубка Беларусі, паведамляе „Беларускі футбол”. У сераду, 8 красавіка, пройдуць паядынкі „Славія” – БАТЭ і „Дынама” Берасце – „Шахцёр”. Пачатак у 17.30 і 19.30 адпаведна.

„Энергетык”-БДУ увайшоў у лік трынаццаці каманд, якім удавалася перамагаць у трох гульнях на старце вышэйшай лігі

„Энергетык”-БДУ увайшоў у лік трынаццаці каманд, якім удавалася перамагаць у трох гульнях са старту вышэйшай лігі. А рэкорд належыць менскаму „Дынама”, якое ў аднакругавым чэмпіянаце-1995 года  выйгравала ў дзесяці турах запар. Калі разглядаць апошнюю дзесяцігодку, то такія трохматчавая пераможныя серыі атрымліваліся толькі тром: БАТЭ (у 2015, 2016 і 2018), „Шахцёру” у 2019 і берасцейскаму „Дынама” у 2019. З улікам мінулага сезона „студэнты” не саступаюць у 7 матчах і перамагаюць дома ў 4 сустрэчах запар. Больш за тое, на сваім полі „Энергетык” забівае ў 9 паядынках запар (усё гэта клубныя рэкорды).

Гульцы „Нёмана” пасля матчу з „Шахцёрам” падзякавалі пустуючаму сектару фанатаў

Футбалісты „Нёмана” пасля матчу з салігорскім „Шахцёрам”, які завяршыўся з ліка 0:0 у рамках 3-га тура чэмпіянату Беларусі, падышлі да пустога фанацкага сектару і падзякавалі яго за падтрымку.

Заўзятары „Нёмана” прыпынілі актыўнасць з-за пандэміі каронавіруса.

„Пасля матчу з „Шахцёрам” гульцы традыцыйна падышлі да трыбуны. Няхай там нікога і не было, але мы ўсё роўна адчувалі вашу падтрымку! Сумуем па вас”, – гаворыцца ў інстаграме „Нёмана”.

Чэмпіянат Беларусі-2020 у першай лізе стартуе 17 красавіка

Сфармавана канчатковая версія календара чэмпіянату Беларусі сярод каманд першай лігі сезона-2020. Матчы першага тура стартуюць 17-18 красавіка, другі тур адбудзецца 25-26 красавіка, перадае афіцыйны сайт БФФ. У першым туры ў прыватнасці «Гомель» прыме «Нафтан», «ГОБЖД» згуляе з «Хімікам», «Крумкачы» пазмагаюцца з «Гранітам», а «Арсенал» з «Ашмянамі», «Рэчыцадрэў» згуляе на сваім полі са «Смаргонню», «Вална» са «Слонімам-2017», а «Орша» з «Лідай».

Мікіта Рэмезаў прызнаны найлепшым гульцом „Нёмана”

Заўзятары гарадзенскага „Нёмана” прызналі Мікіту Рэмезава лепшым гульцом у сезоне-2019/20. Пра гэта паведамляе сайт ФХБ.

У 58 матчах экстралігі „А” нападнік набраў 51 (17 + 34) ачко. У адзінаццаці гульнях плэй-оф Рэмезаў дадаў сабе ў актыў восем (4 + 4) балаў. Другое месца заняў Арцём Кіслы, на трэцім радку апынуўся Раман Маліноўскі.

Гульні ў Токіа і Пекіне пройдуць з розніцай у паўгода

Гульні ў Токіа і Пекіне пройдуць з розніцай у паўгода, чым падвысяць цікавасць да алімпійскага руху ў свеце. Такое меркаванне выказаў у тэлеканферэнцыі з масмедыя выканаўчы дырэктар Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) па Алімпійскіх гульняў Крыстаф Дубі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Да 1994 году МАК праводзіў летнія і зімовыя Гульні ў адзін год. Вопыт ужо ёсць, але гэта было 20 гадоў таму, старты праводзіліся ў іншай сітуацыі. Зараз жа знаходзімся ва ўнікальных умовах, якіх раней не было ў гісторыі правядзення Гульняў”, – дадалі арганізатары.  XXXII Алімпійскія гульні ў Токіо перанесены на 2021 год у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Кваліфікацыйныя спаборніцтвы да Гульняў у сталіцы Японіі завершацца да 29 чэрвеня 2021 года. Па папярэдніх прагнозах, перанос Алімпійскі гульняў у Токіа на год абыдзецца дадаткова ў  2,7 мільярдаў даляраў ЗША.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя