Матч за футбольны Суперкубак прыме стадыён ФК „Мінск”
Матч за Суперкубак паміж футбалістамі барысаўскага БАТЭ і жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” адбудзецца 11 сакавіка на стадыёне ФК „Мінск”, паведамілі ў прэс-службе асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”.
У барацьбе за Суперкубак сустракаюцца чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі. У мінулым сезоне барысаўчане 13-ы раз выйгралі нацыянальнае першынство, а ў кубкавым фінале ўступілі жодзінцам. У 2011 годзе гэтыя сапернікі ўжо сустракаліся ў барацьбе за ганаровы трафей, тады барысаўчане выйгралі з лікам 3:0. Усяго ў актыве БАТЭ 6 перамог у гульнях за Суперкубак (2010, 2011, 2013-2016). Толькі адзін раз барысаўская каманда ўпусціла гэты трафей – у 2012 годзе яе абыграў „Гомель”.
Дэбютны паядынак новага футбольнага сезона другі раз запар пройдзе на штучным газоне арэны ФК „Мінск”. У мінулыя гады сустрэчу за Суперкубак пяць разоў прымаў сталічны футбольны манеж і аднойчы пінскі стадыён „Хваля”.