Матчы 1/4 фіналу Кубка Беларусі па футболе пройдуць 6-7 сакавіка



Сталі вядомыя даты і час пачатку гульняў 1/4 фіналу Кубка Беларусі. Першая сустрэча барысаўскага БАТЭ і „Віцебска” адбудзецца 7 сакавіка, стартавы свісток прагучыць у 14.30. У гэтую ж нядзелю салігорскі „Шахцёр” пазмагаецца з гарадзенскім „Нёманам” (16.30). 6 сакавіка адбудуцца сустрэчы „Менск” – „Іслач” (14.30) і „Тарпеда”-БелАЗ – „Арсенал” Дзяржынск (16.30). Чвэрцьфінальныя паядынкі запланаваны на 6-7 красавіка.

„Крумкачы” падалі апеляцыю ў УЕФА на дзеянні БФФ

„Крумкачы” адправілі ліст з апеляцыяй на дзеянні БФФ у дысцыплінарны камітэт УЕФА. Прэс-служба „Крумкачоў” апублікавала фота паштовага пакета і тытульнага ліста дакумента. „Крумкачы”, якія фінішавалі трэцімі ў першай лізе-2020, не былі дапушчаныя да працэдуры ліцэнзавання для ўдзелу ў вышэйшай лізе. Нягледзячы на ​​некалькі зваротаў, БФФ пакінула рашэнне без зменаў, дапусціўшы да ліцэнзавання шостую каманду Д2 „Смаргонь”.

Арына Сабаленка – першая ракетка свету ў парным разрадзе

Беларуска Арына Сабаленка ўзначаліла сусветны рэйтынг ВТА ў парным разрадзе. Гэта здарылася пасля перамогі на „Australian Open”-2021 у дуэце з Элізе Мертенс. Бельгійка паднялася на другое месца ў табліцы.

У абноўленым адзіночным рэйтынгу ВТА Арына Сабаленка займае восьмае месца. Лідарства захавала аўстралійка Эшлі Барці, на другі радок паднялася чэмпіёнка „Australian Open”-2021 японка Наомі Осака.

Лепшы з беларускіх тэнісістаў Ягор Герасімаў займае 83-е месца ў абноўленым рэйтынгу АТП. Лідарства захоўвае серб Новак Джокавіч.

Рамэлу Лукаку паўтарыў дасягненне гульца „Інтэра”, усталяванае ў 1950 годзе

„Інтэр” перайграў „Мілан” (3:0) у матчы чэмпіянату Італіі. Бельгійскі нападнік „Інтэра” Рамэлу Лукаку забіў гол і паўтарыў дасягненне легендарнага футбаліста „нерадзуры” Бэніта Ларэнці, усталяванае ў 1950 годзе. 27-гадоваму форварду, як і Ларэнці, атрымалася забіць у браму „Мілана” ў чацвёртым матчы запар ва ўсіх турнірах. На рахунку Рамэлу Лукаку ў бягучым сезоне 23 галы і 5 выніковых перадач у 30 матчах ва ўсіх турнірах за „Інтэр”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя