Матчы суцяшэння



Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі ў сталіцы Катара Досе абыгралі каманду Босніі і Герцагапвіны – 37:29 ў стартавым матчы суцяшальнага Прэзідэнцкага кубка Чэмпіяната свету -2015, дзе будуць разыграны месцы з 17-га па 24-е. Пасля няўдалага выступу на папярэдняй стадыі, дзе беларусы пазбавіліся шанцаў на выхад у плэй-оф, прайграўшы Іспаніі, Славеніі, Бразіліі, Катару і абыграўшы толькі яўнага аўтсайдара Чылі, гульцы і трэнеры атрымалі лупцоўку ад кіраўніка гандбольнай федэрацыі Уладзіміра Канаплёва. І ў першым паядынку суцяшальнага Прэзідэнцкага кубка пад гарачую руку параненых беларусаў трапіла зборная Босніі – наш супернік па адборавым турніры да чэмпіянату Еўропы-2016. Больш за палову першага тайма праходзіла ў роўнай барацьбе, але затым беларусы здолелі адарвацца  спачатку на 4 мячы, а затым і на 5. Асабліва шчыраваў капітан Сяргей Рутэнка, які незадоўга да перапынку рэалізаваў пенальці і закінуў свой шосты мяч. Цяпер беларусы 27 студзеня  будуць змагацца за Прэзідэнцкі кубак і 17-е выніковае месца на Чэмпіянаце свету з камандай Чэхіі, якая адолела  Расею — 32:30.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя