Матчы вышэйшай лігі будуць праводзіцца на стадыёнах з натуральным пакрыццём



Матчы вышэйшай лігі з 1 траўня да 1 снежня абавязаны праводзіцца на стадыёнах з натуральным пакрыццём.

Прапанова, выказаная прадстаўніком „Нёмана” на мінулым пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола, была ўнесена ў рэгламент чэмпіянату краіны. У выпадку матываванага хадайніцтва (у тым ліку ў выпадках форс-мажорных абставін) клуба гаспадара матчу, накіраванага не менш чым за 7 дзён да даты правядзення матчу Бюро Выканкама федэрацыі мае права дазволіць перанос матчу на стадыён са штучным пакрыццём футбольнага поля, гаворыцца ў дакуменце.

Экс-абаронца „Нёмана” знаходзіцца на праглядзе ў „Белшыне”

Камерунскі абаронца Поль Бебей знаходзіцца на праглядзе ў „Белшыне”. Футбаліст з відам на жыхарства ў Беларусі пакінуў гарадзенскі „Нёман”, у якім правёў пяць гадоў. Усяго ў вышэйшай лізе Бебей правёў 119 матчаў, забіў два галы і аддаў пяць выніковых перадач.

Галявая перадача Эбонг дапамагла „Астане” перамагчы „Брондбю”

У другім матчы таварыскага турніру „Кубак Атлантыкі” казахстанская „Астана” перамагла дацкі „Брондбю” – 2:1. У складзе пераможцаў беларускі хаўбек Макс Эбонг правёў увесь матч і паўдзельнічаў у першым узяцці варот „Брондбю”. Яго суайчыннік Іван Маеўскі застаўся па-за заяўкі.

Зборная Беларусі па тэнісе прыляцела ў Гаагу на матч з камандай Нідэрландаў

У рамках Кубка федэрацыі па тэнісе 7-8 лютага пройдзе матч за права выхаду ў красавіцкі фінал паміж зборнымі Нідэрландаў і Беларусі.

Беларуская каманда прыляцела напярэдадні ў Гаагу, паведамляе твітэр Беларускай федэрацыі тэніса. У складзе зборнай Беларусі выступяць Арына Сабаленко, Аляксандра Сасновіч, Вольга Гаварцова і Лідзія Марозава.

Аўдыторыя Супербоула вырасла ўпершыню за чатыры гады

Стала вядома агульная колькасць людзей, якія паглядзелі Супербоул-2020. Аўдыторыя грандыёзнай спартовай падзеі склала 99 мільёнаў 900 тысяч чалавек – на 1,5% больш, чым у 2019 годзе, перадае championat.com са спасылкай на Nielsen. Цікава, што на працягу апошніх чатырох гадоў аўдыторыя Супербоула нязменна падала, а леташні вынік і зусім стаў горшым з 2008 года. Прыток аўдыторыі ў гэтым годзе таксама тлумачаць анонсам эфектнага шоу ў выкананні Шакіры і Джэніфер Лопес у перапынку матчу. Іх сумесны нумар абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках гэтак жа актыўна, як і сама гульня.

У фінальным матчы сезону Нацыянальнай футбольнай лігі „Канзас-Сіці Чыфс” узяў верх над „Сан-Францыска форт Найнэрс” – 31:20. „Чыфс” сталі пераможцамі Супербоула ўпершыню з 1969 года.

Беларускае Радыё Рацыя