Маямі: беларускі паспяховыя ў парным разрадзе
На тэнісным турніры ў Маямі няўдачы беларусак у адзіночным разрадзе ў нейкай ступені кампенсуюцца выступамі ў спаборы параў.
Так, у матчы 1/16 фіналу Вікторыя Азаранка разам з аўстралійкай Эшлі Барці перамаглі найбольш рэйтынгавы дуэт свету – чэшак Барбару Крэйчыкаву і Кацярыну Сінякаву – 6:3, 6:7 (1:7), 10:7.
фота Reuters
У 1/8-й фіналу суперніцамі Азаранкі і Барці стане іншая інтэрнацыянальная пара – Аляксандра Круніч (Сербія) – Аляксандра Панова (Расея).
Іншая беларуска Арына Сабаленка разам з бельгійкай Элізэ Мэртэнс таксама прабіліся ў 1/8-ю фіналу. Там яны сустрэнуцца з тайкай Сэ Шувэй і чэшкай Барбарай Стрыцавай. Напомнім, што беларуска і бельгійка, якія разам выступаюць толькі на трэцім турніры, на мінулым тыдні ўзялі парны тытул у амерыканскім Індыян-Уэлсе.
Стадыю 1/16 фіналу прайшла яшчэ адна беларуска – Лідзія Марозава. У пары з японкай Сюко Аоямай яна перамагла чыста японскі дуэт Мію Ката – Макота Нінамія – 6:3, 6:4. Марозава і Аояма далей сустрэнуцца з парай Белінда Бенчыч (Швайцарыя) – Дар’я Касаткіна (Расея).
Беларускае Радыё Рацыя