Мазырская „Славія” перамагла ФК „Слуцк”
У стартавым матчы 9-га тура чэмпіянату Беларусі мазырская „Славія” прымала футбалістаў „Слуцка” і перамагла – 1:0.
У папярэднім туры слуцкая каманда на хатняй арэне разышлася мірам з гасцямі з „Іслачы” – 1:1, Мазыране ў мінулы ўік-энд не гулялі.
Заўтра адбудуцца яшчэ тры сустрэчы: „Белшына” (Бабруйск) – „Нёман” (Гародня), „Іслач” – БАТЭ і „Тарпеда-БелАЗ” – „Нафтан” (Наваполацк).
Апеляцыі „Шахцёра” і „Энергетыка”-БДУ датычна нядопуску да еўракубкаў не былі задаволены
Адбылося паседжанне апеляцыйнага камітэта па клубным ліцэнзаванні БФФ. На ім разглядалі апеляцыі „Шахцёра” і „Энергетыка”-БДУ. Камітэт па клубным ліцэнзаванні адмовіў камандам у выдачы ліцэнзій УЕФА на сезон-2023/24. Апеляцыйны камітэт пакінуў рашэнне ў сіле. Зрэшты, у клубаў ёсць магчымасць яшчэ раз абскардзіць вердыкт – ужо ў футбольным арбітражы.
Шпілеўскі прызнаны лепшым трэнерам чэмпіянату Кіпра
Беларускі настаўнік „Арыса” Аляксей Шпілеўскі прызнаны лепшым трэнерам чэмпіянату Кіпра.
Уладальніка ўзнагароды выбіралі футбалісты лігі падчас спецыяльнага галасавання. Прыз беларусу ўручылі на цырымоніі PASP FOOTBALL AWARDS-2022/23. За два туры да завяршэння чэмпіянату Кіпра „Арыс” лідыруе ў турнірнай табліцы, на тры ачкі апярэджваючы АПАЭЛ.
Занкавец стаў асістэнтам Ларыёнава ў ніжагародскім „Тарпеда”
Беларускі трэнер Эдуард Занкавец стаў асістэнтам Ігара Ларыёнава ў трэнерскім штабе ніжагародскага „Тарпеда”. Аб гэтым інфармуе прэс-служба расейскага клуба. Пасля заканчэння гульнявой кар’еры Эдуард Канстанцінавіч пачаў трэнерскую работу, у якой мае ўжо амаль дваццацігадовы вопыт. Працаваў у якасці асістэнта ў такіх клубах, як „Авангард” і СКА, а таксама ўзначальваў менскае „Дынама”, „Барыс”, „Слован”, „Металург”, санкт-пецярбургскае „Дынама” і „Югру”. Працуючы ў трэнерскім штабе „Авангарда”, Занкавец даходзіў да фіналу Кубка Гагарына.
Беларускае Радыё Рацыя