Медаль Астапчук купілі на аўкцыёне за 11 тысяч даляраў



Залаты медаль чэмпіянату Еўропы 2005 года па лёгкай атлетыцы, якую Надзея Астапчук выставіла на аўкцыён, набыты за 11 100 даляраў, паведамляе «Трыбуна». Атрыманыя сродкі пойдуць у Беларускі фонд спартовай салідарнасці. Яго задачай з’яўляецца падтрымка спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама тых, хто гатовы адкрыта выказвацца пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.

Раней свой медаль чэмпіянату Еўропы выставіла на аўкцыён баскетбалістка Кацярына Сныціна. Узнагарода капітана зборнай была прададзеная за 10 тысяч даляраў.

У Гародні адкрылі тэнісны цэнтр з крытымі кортамі.

Дахам і сценамі для новага манежа стала так званая паветраапорная канструкцыя. Усярэдзіне размешчаны чатыры корта з сучасным пакрыццём, распранальні, трэнерскія, адміністрацыйныя і бытавыя памяшканні. Цэнтр тэніса ў Гародні стаў першым такім аб’ектам у краіне. Сама канструкцыя і пакрыццё для кортаў прадастаўлены Беларускай тэніснай федэрацыяй, а ўсе астатнія будаўнічыя работы вяліся за кошт мясцовага бюджэту.

Мархель вызначыўся са спісам гульцоў на матчы супраць Гандураса, Эстоніі і Бельгіі

Міхаіл Мархель вызначыўся з канчатковым спісам гульцоў, выкліканых на таварыскі матч зборнай Беларусі супраць каманды Гандураса, а таксама сустрэчы еўракваліфікацыі чэмпіянату свету-2022 супраць эстонцаў і бельгійцаў. Збор галоўнай каманды краіны будзе доўжыцца з 21 па 31 сакавіка. Яна размесціцца ў тэхнічным цэнтры Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” і будзе трэніравацца на комплексе футбольных палёў БФФ. 24 сакавіка зборная Беларусі правядзе спарынг з Гандурасам. Міжнародны таварыскі матч пройдзе на стадыёне „Тарпеда” ў Жодзіна і пачнецца ў 20:00. Далей каманда згуляе два матчы еўракваліфікацыі чэмпіянату свету-2022: 27 сакавіка — на хатняй арэне з Эстоніяй і 30 сакавіка – на выездзе з Бельгіяй.

Галоўны трэнер ўключыў у канчатковы спіс 25 футбалістаў:

Брамнікі: Аляксандр Гутар ( „Шахцёр”, Салігорск), Антон Чычкан (БАТЭ, Барысаў), Павел Паўлючэнка ( „Рух”, Берасце); Абаронцы: Максім Бардачоў ( „Тарпеда” – БелАЗ, Жодзіна), Дзяніс Палякоў ( „Кайрат”, Алматы, Казахстан), Мікіта Навумаў („Дынама” Менск), Аляксандр Паўлавец ( „Растоў”, Расея), Раман Юзэпчук ( „Рух „, Берасце), Мікалай Золатаў („Колас”, Кавалёўка, Украіна), Максім Сшывальшчыкаў („Дынама „Менск), Даніла Нячаеў (БАТЭ, Барысаў);

Паўабаронцы: Сяргей Кісляк, Іван Бахар, Уладзіслаў Клімовіч (усе – „Дынама” Менск), Ігар Стасевіч, Юрый Кендыш, Дзмітрый Падстрэлаў (усе – „Шахцёр”, Салігорск), Іван Маеўскі ( „Ротар”, Валгаград, Расея), Павел Савіцкі ( „Рух”, Берасце), Яўген Яблонскі (БАТЭ, Барысаў), Макс Эбонг ( „Астана”, Нур-Султан, Казахстан), Дзмітрый Анцілеўскі („Тарпеда” -БелАЗ, Жодзіна).

Нападнікі: Мікалай Сігневіч (БАТЭ, Барысаў), Дзяніс Лапцеў ( „Рух”, Берасце), Віталь Лісаковіч („Лакаматыў”, Масква, Расея).

У лік выкліканых футбалістаў не трапіў лепшы гулец Беларусі-2020 нападнік БАТЭ Максім Скавыш, які усталяваў рэкорд вышэйшай лігі: забіў 20-ы мяч у чэмпіянатах пасля выхадаў на замены.

Футбалісткі „Дынама-БДУФК” выйгралі Суперкубак Беларусі

Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” ўпершыню сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі. У стартавым паядынку жаночага футбольнага сезона дынамаўская дружына, якая ў мінулым сезоне заваявала першы чэмпіёнскі тытул, разграміла ўладальніка срэбра нацыянальнага першынства „Менск” з лікам 4:0. Дубль аформіла Дар’я Сцяжко, яшчэ па мячу забілі Анастасія Лінік і Эстэр Рамалепе. Раней футбалісткі „Мінска” шэсць разоў станавіліся ўладальніцамі Суперкубка.

„Ліверпуль” адолеў „Вулверхэмптан”, Руй Патрысіў атрымаў жудасную траўму

„Ліверпуль” з мінімальным лікам адолеў „Вулверхэмптан” ў выязным матчы 28-га тура чэмпіянату Англіі – 1: 0. У канцоўцы асноўнага часу паядынку жудасную траўму атрымаў брамнік „ваўкоў” Руй Патрысіў. Абаронца яго каманды Конар Коўдзі не паспеў своечасова спыніцца падчас пагоні за Махамедам Салахам і ўдарыў каленам у галаву свайму галкіперу. Партугалец, мяркуючы па ўсім, страціў прытомнасць. Лекары аказвалі футбалісту дапамогу на полі больш за дзесяць хвілін. Руй Патрысіў пакінуў поле на насілках і ў кіслароднай масцы.

„Барселона” разграміла „Уэску” у хатнім матчы 27-га тура чэмпіянату Іспаніі – 4:1. Дубль аформіў Ліянэль Месі, які параўняўся з рэкардсменам Хаві па ліку паядынкаў у форме каталонскага клуба – 767 матчаў у складзе сіне-гранатавых ва ўсіх турнірах.

Беларускае Радыё Рацыя