„Мянчанка” выбывае з Кубка Расеі



Валейбалісткі „Мянчанкі” прайгралі трэці матч запар у паўфінальнай стадыі Кубка Расеі калінінградскаму „Лакаматыву” з лікам 0:3. Такім чынам, беларускі, не набраўшы ніводнага ачка, замкнулі сваю групу. У „Фінал чатырох” турніру выйшаў калінінградскі „Лакаматыў”, які выйграў усе тры матчы. Зрэшты, без беларускага прадстаўніцтва вырашальныя паядынкі Кубка Расеі па валейболе не абыдуцца. „Уралачка-НТМК” легендарнага Мікалая Карполя з дзвюма беларускамі Ганнай Клімец і Верай Касцючык ў складзе прайшла турнір у сваёй групе без паразаў і выйшла ў фінал, які пройдзе ў Казані напрыканцы снежня.

«Славія» перамагла «Гомель», прайграючы 0:2

Футбалісты мазырскай „Славіі” святкавалі валявую вікторыю над „Гомелем” у апошнім матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі. Пасля першага тайма сустрэчы ў Мазыры гамяльчане выйгравалі 2:0, дзякуючы дублю Руслана Балава, які адзначыўся на 16-й і 22-й хвілінах. У другой палове карціна гульні рэзка змянілася, і гаспадары забілі тры галы запар. На 66-й хвіліне мяч у сваю браму адправіў абаронца гасцей Андрэй Іваноў, праз 10 хвілін Максім Слюсар зраўняў лік, а на 85-й хвіліне сустрэчы Юрый Недашкоўскі прынёс „Славіі” перамогу – 3:2. Адзначым, што футбалісты „Гомеля” заканчвалі матч удзевяцёх пасля двух выдаленняў, якія адбыліся на 77-й і 87-й хвілінах. Дзякуючы гэтаму поспеху, мазыране набралі 31 ачко і падняліся на 10-е месца, у футбалістаў „Гомеля” засталося 20 балаў і перадапошняя, 15-я пазіцыя ў турнірнай табліцы.

Абаронцу менскага «Дынама» дыскваліфікавалі на тры матчы

КХЛ вынесла пакаранне Алегу Явенку за эпізод у гульні з «Салаватам Юлаевым», піша hockey.by. Спартова-дысцыплінарны камітэт КХЛ пакінуў без зменаў пакаранне, накладзенае на абаронцу «Дынама» Алега Явенку падчас матчу з «Салаватам Юлаевым», прайграным з лікам 1:9. Як агрэсар у бойцы Явенка дыскваліфікаваны на адзін матч і падвергнуты грашоваму штрафу. Акрамя таго, на беларускага абаронцу накладваецца дадатковая двухматчавага дыскваліфікацыя і індывідуальны штраф. Агульны тэрмін дыскваліфікацыі складзе тры матчы.

Беларускае Радыё Рацыя