Менеджар «Менскіх Зуброў»: Любыя спаборніцтвы зараз недарэчныя
На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках першы ў Беларусі клуб па амерыканскім футболе «Менскія Зубры» выказаў салідарнасць са спартоўцамі, якія выступаюць за свабоду і справядлівасць. Дадаткова сябрам клубу была гарантавана любая падтрымка за смеласць у выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Пра тое, як дэмакратычны від спорту – амерыканскі футбол – прыжыўся на беларускай зямлі, пра супрацу з калегамі з Lowlanders Białystok, пагутарым з менеджарам клубу «Менскія Зубры» Алегам Стэфановічам.
РР: Інфармацыя, якая з’явілася на старонцы УКантакце “Менскіх Зуброў” пра тое, што яны падтрымліваюць спартоўцаў, якія выказалі свае меркаванні пра свабоду і салідарнасць у краіне, яны цалкам натуральныя для клуба? І ці аказваецца зараз нейкая дапамога канкрэтным спартоўцам, якія да вас звяртаюцца?
Алег Стэфановіч: Зразумела, так, гэта пазіцыя клуба. Больш за тое, мы гэта абмяркоўвалі ў коле трэнерскага штабу і арганізатараў. І прыйшлі да агульнага меркавання, што мы не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне і цалкам падтрымліваем тое стаўленне знакамітых беларускіх спартоўцаў, якія выказалі нязгоду з сённяшнімі падзеямі. Нас вельмі хвалюе тая паказальная жорсткасць, неадэкватныя меры ў дачыненні да людзей, якія маюць адрозныя ад афіцыйнай пазіцыі меркаванні. Мы раней у клубе не імкнуліся рабіць нейкія палітычныя ініцыятывы. То бок, жылі як і ўсе іншыя спартоўцы. Магчыма, і гэтыя выбары прайшлі б, і мы не рабілі б акцэнт на гэтым, але ўсё, што адбылося пасля іх, выразна паказала, што незалежна ад таго, якіх палітычных погладаў ты прытрымліваешся, тое, што адбываецца гвалт, а самае галоўнае, што любому, хто выказаў сваю нязгоду максімальна перакрываецца кісларод, незалежна ад яго сферы дзейнасці, зразумела, што мы не можам з гэтым пагадзіцца.
РР: Хтосьці звяртаўся ўжо па дапамогу да вас?
Алег Стэфановіч: Я ведаю дакладна, што некаторыя з нашых хлопцаў пацярпелі фізічна. І ў іх былі невялікія траўмы. І некаторыя людзі трапілі і на адміністрацыйны арышт, і ёсць сярод нас тыя, хто праходзіць па крымінальных справах па масавых беспарадках. Тым людзям, у якіх ёсць праблемы, мы дапамагаем маральна, фінансава і так далей. Дзякуй Богу, што ў нашым атачэнні іх няшмат. І гэта больш тычылася маральнай падтрымкі, каб людзі разумелі, што яны не самотныя ў сваіх праявах грамадзянскай пазіцыі. Калі іх будзе больш, мы ім будзем аказваць падтрымку.
У чым яшчэ наша салідарнасць – мы яшчэ да выбараў планавалі дастаткова насычаны восеньскі сезон. Асабліва ўлічваючы эпідэмію COVID, сезон не пачаўся вясною. Мы перанеслі ўсё на восень. Але адразу пасля выбараў я стэлефанаваўся са сваімі калегамі, і мы прыйшлі да адзінага меркавання, што ніякія спаборніцтвы ў гэтай сітуацыі недарэчныя, і гэта было яшчэ да таго, як спартоўцы заклікалі адмовіцца ад удзелу ў нейкіх спаборніцтвах. Адразу зразумелі, што гэта будзе проста недарэчна і мы растлумачылі сваім хлопцам, што як толькі сітуацыя пойдзе нармальным ходам, мы ўсё адновім і будзем працаваць. І я здзівіўся, што гэта не толькі нашая пазіцыя, большасць клубаў пагадзілася, што зараз не час для спартовай актыўнасці.
РР: Раскажыце пра міжнародную салідарнасць. Якія клубы якіх краін вас падтрымалі?
Алег Стэфановіч: Дастаткова шмат было падтрымкі. Гэта выяўлялася ў ланцугах салідарнасці, у супольных здымках з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта былі ў тым ліку калектывы з Польшчы – нашыя даўнія партнёры з Беластока. Многія разляцеліся па свеце, і, зразумела, у любой камандзе, дзе ёсць наш прадстаўнік ці проста беларус, ён на месцах арганізоўваў акцыі салідарнасці. У Амерыцы шмат нашых хлопцаў. Калі мы тычымся расейскага вектару, то там не зусім разумеюць, што тут адбываецца. Многія ўспрымаюць, што нам надакучыла стабільнасць. І мы хочам нейкіх дзікіх зменаў. І яны не разумеюць, навошта мы разбураем нібыта стабільнасць. Расейскія і ўкраінскія клубы былі здзіўленыя, як у нас тут быццам прыгожа і акуратна, і навошта нам нешта мяняць? Бо ўсё тут і так добра ў параўнанні з тым, што адбываецца ў Расеі і ва Украіне. Яны да гэтай пары так лічаць.
Цалка размова:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара і са старонкі клубу ў «УКантакце»