„Менск” перамог „Рытм” у матчы фінальнай серыі



Спартоўкі „Менска”, абыграўшы гарадзенскі „Рытм”, выйшлі наперад у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. Стартавы матч серыі за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі праходзіў без відавочнай перавагі адной з каманд. Сталічныя хакеісткі, якія выступалі ў ролі гаспадынь пляцоўкі, атакавалі крыху больш. Іх суперніцы з Гародні зрабілі стаўку на вострыя контратакі. „Менск” здолеў адкрыць лік намаганнямі Вікторыі Сідаравай на 6-й хвіліне матчу. Гарадзенскія хакеісткі адказалі выніковым выпадам праз 14 хвілін: адзначылася Вольга Шынтар. На 43-й хвіліне мінчанкам ўдалося выкарыстаць шанец, калі яны атрымалі права на кутавы. Вольга Скіба, апынуўшыся ў выгоднай для кідка сітуацыі, не прамахнулася. Гарадзенкі адказалі праз некалькі хвілін – Наталля Мазырко зноў зраўняла лік. Раўнавага пратрымалася да таго моманту, як Вікторыя Сідарава на 53-й хвіліне апынулася ў патрэбны час у патрэбным месцы і прымусіла капітуляваць брамніка гарадзенскай дружыны – 3:2. Фінальная серыя чэмпіянату Беларусі будзе згуляная да трох перамог. Наступны матч пройдзе 24 ліпеня ў Менску. У Гародні каманды сустрэнуцца 27 ліпеня.

Менскае «Дынама» падпісала 20-гадовага амерыканца з беларускімі каранямі

Менскае «Дынама» падпісала кантракт з 20-гадовым амерыканскім хакеістам Іванам Лодней. Па словах агента Дэна Мільштэйна, гулец перайшоў у «Дынама» на правах арэнды. У Івана Лодні ёсць беларускія карані. У апошнія гады ён выступаў у юніёрскай лізе ОХЛ. У мінулым сезоне ён набраў 62 (27 + 35) ачкі ў 41 матчы. У 2017 годзе Іван Ладня задрафтаваны ў трэцім раўндзе НХЛ клубам «Мінесота». Праўда, у наймацнейшай лізе свету форвард пакуль не гуляў, абмежаваўшыся шасцю матчамі ў АХЛ, дзе ачкоў не набраў.

Хакеісты „Юнацтва” адкрылі праграму перадсезонных спарынгаў перамогай над „Лакаматывам” з Воршы

Дзеючыя чэмпіёны Беларусі і ўладальнікі Кубка Салея хакеісты сталічнага „Юнацтва” адкрылі праграму перадсезонных спарынгаў перамогай над аршанскім „Лакаматывам”. Каманда Аляксандра Макрыцкага выйграла з лікам 2:0. З апошняй сустрэчы дружын у плэй-оф чэмпіянату Беларусі іх склады зведалі нямала змен, аднак „чыгуначнікі” і на гэты раз паказалі сябе як няўступлівы супернік. Развязка наступіла за дзве хвіліны да фінальнай сірэны. Міхаіл Стэфановіч атрымаў перадачу ад Максіма Парфееўца і, даслаўшы шайбу ў брамку, рэалізаваў колькасную большасць сваёй дружыны. Спрабуючы выратаваць матч, „Лакаматыў” пайшоў наперад, але ў выніку прапусціў шайбу ў пустую брамку ад Паўла Развадоўскага, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.

Варта таксама адзначыць упэўненую перамогу ў таварыскім матчы гарадзенскага „Нёмана” над „Берасцем” – 5:1, а таксама паразу „Гомеля” у абласным дэрбі ад жлобінскага „Металурга” – 1:2.

Каманда Менска выйграла змешаную эстафету на чэмпіянаце Беларусі па веласпорце на трэку

Каманда Менска выйграла залатыя медалі змяшанай эстафеты на чэмпіянаце Беларусі па веласпорце на трэку, які стартаваў у Мазыры і Нароўлі. Менская дружына, колеры якой абаранялі Ганна Церах, Ангеліна Краско, Аліна Абраменка, Сяргей Папок, Васіль Бяляўскі і Сяргей Шаўчэнка, апярэдзіла супернікаў з Віцебскай і Берасцейскай абласцей. У складзе каманд выступаюць пераможцы і прызёры прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Сёння спаборніцтвы працягнуцца індывідуальнымі гонкамі на час.

Этап лёгкаатлетычнай „Брыльянтавай лігі” у Вялікабрытаніі адменены

Пяты этап лёгкаатлетычнай „Брыльянтавай лігі” у брытанскім Гейцхедзе адменены з-за сітуацыі з каронавірусам. Інфармацыя пра гэта змешчана на афіцыйным сайце турніру. Гэта не першы этап „Брыльянтавай лігі”, адменены ў гэтым сезоне. Раней паведамлялася аб адмене стартаў у Юджыне і Парыжы. „Брыльянтавая ліга” -2020 у адрозненне ад мінулых гадоў – не структураваная серыя спаборніцтваў, якія вядуць да фіналу. Традыцыйны вырашальны старт для прадстаўнікоў 24 дысцыплін у Цюрыху таксама не адбудзецца. Прычына такога рашэння – неадпаведнасць у трэніровачных працэсах спартоўцаў, немагчымасць забяспечыць роўныя ўмовы і справядлівую сістэму кваліфікацыі.

Беларускае Радыё Рацыя