Менск у 2021 годзе прыме ЧС па сучасным пяціборстве



Менск у 2021 годзе стане гаспадаром чэмпіянату свету па сучасным пяціборстве. Такое рашэнне прынялі ў Будапешце ўдзельнікі выканаўчага савета Міжнароднага саюза сучаснага пяціборства. Планетарны форум пройдзе ў беларускай сталіцы ўпершыню. У 2015 годзе Менск прымаў фінальны этапу Кубка свету, а ў 2017-м паспяхова правёў чэмпіянат Еўропы па сучасным пяціборстве.

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе саступіла Эстоніі і Балгарыі на турніры ў Таліне

Мужчынская зборная Беларусі прайграла зборным Эстоніі і Балгарыі на міжнародным турніры ў Таліне. Падапечныя Віктара Бекшы сустракаліся з камандамі Эстоніі і Балгарыі, саступіўшы ў абодвух паядынках з аднолькавым лікам 1:3. Спаборніцтвы насілі таварыскі характар ​​і сталі для беларусаў кантрольнымі напярэдадні ўдзелу ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы.

Беларускія валейбалісткі пераможна стартавалі на юніёрскім чэмпіянаце свету (U-18) у Егіпце. У першым матчы папярэдняй групы С беларускі перайгралі каманду Тайланда – 3:2 (19:25, 28:26, 20:25, 25:22, 15:11). Падапечныя Дзмітрыя Ката доўгі час саступалі суперніцам, аднак трэнерскі штаб своечасова зрабіў перастаноўкі ў складзе, дабіўшыся перавагі на падачы і блоку. Самай выніковай у беларускай зборнай стала капітан каманды Ксенія Лябёдкіна, якая зарабіла 17 ачкоў. Другі матч у групе беларуская каманда правядзе з Румыніяй.

Беларусь магла б сумесна з Расеяй ці Украінай правесці і Алімпіяду

Беларусь магла б сумесна з Расеяй ці Украінай правесці і Алімпіяду. Пра гэта Лукашэнка заявіў сёння журналістам у Берасці. „Вядома, нам цяжка спаборнічаць з гігантамі, але з украінцамі або расейцамі мы можам Алімпіяду правесці. Аб’екты пад Алімпійскія гульні ў нас гатовыя. Зараз Нацыянальны футбольны стадыён пабудуем і для водных відаў спорту, застанецца футбол. У Расеі ўся інфраструктура створана пад футбол. Можам папросту з імі прыняць Алімпіяду. І тут у асноўным летнюю правесці – у Беларусі – з дапамогай расейцаў ці ўкраінцаў. У іх ёсць аб’екты, якіх нам не хапае”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дыега Марадона стаў галоўным трэнерам „Хімнасіі”

Ганаровы прэзідэнт берасцейскага „Дынама” Дыега Марадона узначаліў „Хімнасію” з Ла-Платы, якая, набраўшы 1 ачко ў пяці матчах, ідзе апошняй у чэмпіянаце Аргенціны. 58-гадовы спецыяліст падпісаў кантракт з аргенцінскім клубам да канца сезона. Апошнім месцам працы Марадоны была каманда другога мексіканскага дывізіёна „Дарадас”, якую ён пакінуў у чэрвені з-за аперацыі на плячы і калене.

У фінале жаночага адзіночнага разраду сустрэнуцца Серэна Уільямс і Б’янка Андрэеску

Амерыканка Серэна Уільямс і канадка Б’янка Андрэеску згуляюць у фінале жаночага адзіночнага разраду „US Open”. У паўфіналах Уільямс перамагла ў двух сэтах ўкраінку Эліну Світоліну – 6:3, 6:1, а Андрэеску была мацней швейцаркі Белінды Бенчыч – 7:6, 7:5. Вырашальны паядынак пройдзе ў суботу, 7 верасня.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by