Менскае „Дынама” абыграла „Ак Барс” у матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” на чужым лёдзе адолелі казанскі „Ак Барс” у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы перыяд сустрэчы ў Казані апынуўся безгалявым, нягледзячы на тое, што „зубры” тройчы заставаліся ў меншасці. Гаспадарам удалося закінуць на старце другога адрэзка, але ўжо праз некалькі хвілін форвард „Дынама” Седрык Пакет аднавіў парытэт. Заключная трэць таксама скончылася з лікам 1:1, на шайбу дынамаўца Брэндана Козуна адказаў нападнік казанцаў Аляксандр Радулаў. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе Пакет аформіў дубль, а „Дынама” святкавала перамогу – 3:2. Пасля пяці матчаў сезона ў актыве мінчан чатыры перамогі і восем балаў. Наступны паядынак падначаленыя Вудкрафта правядуць 14 верасня ў гасцях у чарапавецкай „Северсталі”.
„Гомель”, „Юнацтва” і „Шахцёр” перамаглі ў матчах беларускай хакейнай экстралігі
Трыма матчамі ў Жлобіне, Магілёве і Салігорску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак быў згуляны ў Жлобіне, дзе мясцовы „Металург” прымаў „Гомель” у „палескім дэрбі” – 4:3 на карысць „рысяў”. У паралельным матчы хакеісты „Магілёва” не змаглі пазбегнуць разгрому ад сталічнага „Юнацтва” 1:5. Самую напружаную гульню вечара выдалі „Шахцёр” і „Віцебск”. Асноўны час скончыўся пры лічбах 2:2, авертайм таксама не выявіў пераможцу, а ў серыі булітаў дакладней былі салігарчане, якія святкавалі пятую перамогу запар.
Гандбалісты мінскага СКА дэбютуюць у SEHA-лізе матчам з чэмпіёнамі Расеі
Беларускія гандбольныя клубы даведаліся пра расклад стартавых матчаў у „Дывізіёне Усход” SEHA-лігі. Першымі з чатырох прадстаўнікоў Беларусі згуляе дэбютант гэтага турніру віцэ-чэмпіён краіны менскі СКА, які 30 верасня сустрэнецца ў гасцях з 21-разовымі чэмпіёнамі Расеі гандбалістамі клуба „Чэхаўскія мядзведзі”. Яшчэ адзін дэбютант гэтых спаборніцтваў уладальнік бронзы беларускага першынства „Гомель” 1 кастрычніка згуляе на хатняй арэне з „Пермскімі мядзведзямі”. Шматгадовы ўдзельнік і прызёр SEHA-лігі чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Берасце” 2 кастрычніка прыме на сваёй арэне магілёўскі клуб „Машэка”.
Лісабон і Пльзень прымуць стартавыя сустрэчы 2-га тура футбольнай Лігі чэмпіёнаў
У чатырох групах футбольнай Лігі чэмпіёнаў сёння пройдуць матчы другога тура. У квартэце С чэшская „Вікторыя” згуляе на сваім полі з італьянскім „Інтэрам”. У стартавым туры абедзве каманды прайгралі: чэмпіёны Чэхіі пацярпелі паразу ў гасцях у іспанскай „Барселоны” – 1:5, а іх супернікі саступілі ў Мілане мюнхенскай „Баварыі” 0:2. Таксама сёння фаварыты гэтага квартэта сустрэнуцца на полі чэмпіёнаў Нямеччыны. У групе D лісабонскі „Спортынг” сустрэнецца ў партугальскай сталіцы з ангельскім „Тотэнхэмам”. У першы гульнявы дзень партугальскі клуб нечакана разграміў у Франкфурце нямецкі „Айнтрахт” – 3:0, а лонданцы перамаглі французскі „Марсэль” – 2:0. Няўдачнікі стартавага тура згуляюць паміж сабой у Марсэлі.
Беларускае Радыё Рацыя