Менскае „Дынама” абыграла футбалістаў „Нёмана”



Футбалісты менскага „Дынама” святкавалі перамогу над гарадзенскім „Нёманам” 3:2 у перанесеным паядынку 14-га тура чэмпіянату Беларусі.

Ужо на самым пачатку сустрэчы ў Гародні паўабаронца мінчан Дзяніс Грэчыха адкрыў лік, у сярэдзіне першага тайма Павел Савіцкі аднавіў парытэт, потым чарнагорскі форвард дынамаўцаў Душан Бакіч зноў вывеў гасцей наперад. Адразу пасля перапынку Іван Бахар забіў трэці мяч, а на 66-й хвіліне Максім Яблонскі скараціў разрыў да мінімуму. Пасля гэтай перамогі каманда Арцёма Чалядзінскага набрала 36 ачкоў і дагнала БАТЭ, якое ідзе другім, ў турнірнай табліцы, „Нёман” застаўся на 9-м месцы.

Футбалісты „Урала” здабылі першую перамогу ў сезоне пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі

Футбалісты „Урала”, якіх нядаўна ўзначаліў беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, выйгралі першы матч ў гэтым сезоне.

У Екацярынбургу ў першым паядынку папярэдняга этапа розыгрышу Кубка Расеі ўральцы перамаглі срэбраных прызёраў расійскага чэмпіянату футбалістаў „Сочы” з лікам 2:0. У іншым матчы групы D маскоўскі ЦСКА з такім жа лікам узяў верх над землякамі з „Тарпеда”. Беларускі нападнік тарпедаўцаў Дзяніс Лапцеў выйшаў на поле ў стартавым складзе і быў заменены на 84-й хвіліне сустрэчы.

У папярэдняй групе А „Краснадар” перамог на выездзе футбалістаў „Хімак” – 2:0. Беларускі абаронца падмаскоўнай каманды Захар Волкаў правёў увесь матч.

Холанд пабіў рэкорд па забітых мячах у пяці дэбютных гульнях у чэмпіянаце Англіі

Нападнік „Манчэстэр Сіці” Эрлінг Холанд пабіў рэкорд па забітых галах у першых пяці матчах, праведзеных у рамках англійскай прэм’ер-лігі. Нарвежац здолеў пабіць дасягненне Мікі Куіна і Серхіа Агуэра, у якіх было па 8 галоў. Такога дасягнення ўдалося дамагчыся дзякуючы хет-трыку ў матчы 5-га тура АПЛ, у якім „гараджане” прымалі „Нотынгем Форэст”. Нарвежац здолеў вызначыцца трыма галамі ўжо ў першым тайме, аформіўшы забітыя мячы на 12-й, 23-й і 38-й хвілінах. «Мансіці» перамог 6:0. За пяць няпоўных сустрэч у англійскай прэм’ер-лізе нарвежац забіў 9 галоў. Лонданскі „Арсенал” перайграў „Астан Вілу” — 2:1. У чарговым матчы чэмпіянату Італіі „Ювентус” узяў верх над „Спецыяй” 2:0 – у складзе «Старой сеньёры» галамі адзначыліся Душан Улахавіч і пачатковец – паляк Аркадыюш Мілік, які адзначыўся на 3-й даданай хвіліне сустрэчы.  У чарговым матчы чэмпіянату Францыі „ПСЖ” разграміў „Тулузу” 3:0 дзякуючы галам Неймара, Мбапэ і Берната.

Зборная Беларусі па пляжным футболе абыграла каманду ААЭ

Зборная Беларусі па пляжным футболе паспяхова правяла першы кантрольны паядынак на вучэбна-трэніровачным зборы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Беларусы выйгралі ў гаспадароў 10:6. У складзе пераможцаў па два мячы забілі Анатоль Рабко, Павел Стаскевіч і Алег Гапон. Яшчэ два спарынгі са зборнай ААЭ падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада правядуць сёння і заўтра.

„Металург” абыграў „Юнацтва”

31-ы розыгрыш чэмпіянату Беларусі па хакеі стартаваў паядынкамі ў Жлобіне, Гомелі і Магілёве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першы дзень новага сезона экстралігі на лёд традыцыйна выйшлі найлепшыя каманды папярэдняга турніру. Дзеючы чэмпіён „Металург” абыграў віцэ-чэмпіёнаў са сталічнага „Юнацтва” – 2:1.
З такім жа лікам „Ліда” у гасцях была мацней за „Магілёў”. „Гомель” і „Віцебск” вызначалі  пераможцу ў серыі булітаў. Асноўны час і авертайм скончыліся з лікам 2:2, а пасляматчавыя кідкі лепш атрымаліся ў віцяблянаў. Сёння новы сезон беларускай экстралігі працягнецца трыма матчамі. „Брэст” на сваім лёдзе згуляе з аршанскім „Лакаматывам”, „Дынама-Маладзечна” прыме наваполацкі „Хімік”, а „Шахцёр” у Салігорску пазмагаецца з гарадзенскім „Нёманам”.

Беларускае Радыё Рацыя